Першыя «жаўнеры Марыі» ўвайшлі ў Будслаў: «Пілігрымку скончыў — веру ўмацаваў!»
3 ліпеня апоўдні першая пешая пілігрымка ўвайшла ў вёску Будслаў, пераадолеўшы кіламетры свайго шляху, пераадолеўшы свае недасканаласці, умацаваўшыся невыгодамі і малітвай, каб пакланіцца перад Маці Збаўцы.

Першай у колькасці 120 чалавек стала ХХІV пешая пілігрымка «Мёры-Наваполацк-Будслаў», адказным за якую з'яўляецца кс. Кшыштаф Мянкіна.

«Пілігрымку скончыў — веру ўмацаваў», — мог бы сказаць ці падумаць кожны пілігрым, якога на ўваходзе ў святыню прывітаў кусташ Нацыянальнага санктуарыя а. Віктар Бурлака.
«Малайцы! Вы сёння першыя!» — радасна звярнуўся да пілігрымаў у валошкавых вяночках а. Віктар.
Пасля прывітання пілігрымы ўвайшлі ў святыню і па традыцыі сталі на калені, каб у цішыні стаць перад Маці Божай, паўтарыць перад Ёй свае інтэнцыі, скласці падзяку за адолены шлях.

Першая пілігрымка распачала ўваход шэрагу іншых, якія ўжо з нецярпеннем чакаюць, каб таксама пакланіцца ў святыні Богу.
У гэтым годзе на ўрачыстасці ў Будслаў вырушыла 21 пілігрымка, тры з якіх — роварныя.
Аксана Ючкавіч, catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага