Працуем толькі на падаткі
Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук прадставіў журналістам індэкс сацыяльнага дабрабыту «Іванаўна», які быў распрацаваны экспертамі цэнтра яшчэ ў 2000 годзе.
Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук прадставіў журналістам індэкс сацыяльнага дабрабыту «Іванаўна», які
быў распрацаваны экспертамі цэнтра яшчэ ў 2000 годзе.
Індэкс улічвае ацэнку часу, які чалавек мусіць адпрацаваць, каб набыць спажывецкі кошык з 35 базавых тавараў і паслуг (у тым ліку жылля) пры цяперашнім узроўні коштаў і сярэдняга заробку па краіне.
Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка зазначыў, што ацэнка прадукцыйнасці працы ў індэксе працоўнага часу мае пад сабой «амаль марксісцкі
падыход».
Аўтары аналітычнай працы прызнаюць, што ў Беларусі цягам апошніх пяці гадоў назіраўся эканамічны рост, аднак бліжэйшыя суседкі — Расія, краіны Балтыкі і Польшча — нас апярэджваюць.
Напрыклад, сярэдні заробак у Беларусі за апошнія 15 гадоў вырас у 5,9 разы, у Польшчы — у 6,5, а ў Расіі — у 10,5 разы. Каб набыць аўтамабіль «Форд Fiesta»,
беларусу трэба працаваць тры з паловай гады, расіяніну — два гады і тры месяцы, паляку — менш за год. Агулам на набыццё спажывецкага кошыку, які разглядалі эканамісты, нашым
суайчыннікам трэба затраціць на 11 гадоў больш, чым палякам. Да ўсяго аўтары даследавання — Яраслаў Раманчук і эканаміст Леанід Заіка — нагадалі надзённую праблему Беларусі
— падаткі. У нашай краіне пры дзейнай мадэлі эканомікі чалавек працуе 16 гадоў толькі на выплату падаткаў.
Яраслаў Раманчук зазначыў, што прызнае капіталістычную сістэму найбольш эфектыўнай. Ён канстатаваў, што ўлады краіны змарнавалі час, за які можна было б правесці эканамічныя рэформы.
«Краіны, якія за апошнія 15 гадоў правялі прыватызацыю і лібералізацыю, забяспечылі сабе больш высокія тэмпы развіцця, і іх індэкс сацыяльнага дабрабыту лепшы, чым у Беларусі»,
— сказаў Раманчук.
Каб падвысіць узровень сацыяльнага дабрабыту, Яраслаў Раманчук прапануе правесці лібералізацыю цэн і зліквідаваць практыку дыскрымінацыі, то бок забяспечыць роўнасць умоў гаспадарання ўсім
эканамічным суб’ектам. Знізіць падатковую нагрузку і спрасціць сістэму падаткаў праз увядзенне плоскіх шкалаў. А сукупныя дзяржрасходы не мусяць перавышаць 30% ВУП. Адкрыты гандаль,
уступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, прыватызацыя не вядуць да падзення ўзроўню сацыяльнага дабрабыту. Наадварот, адкрыты гандаль, прыватная эканоміка, інтэграцыя ў міжнародныя эканамічныя
саюзы — гэта магутны лакаматыў падняцця ўзроўню сацыяльнага дабрабыту.
Эканаміст прапануе свае інструменты для павелічэння эфектыўнасці эканомікі. Ён не выключае, што ў Беларусі ёсць магчымасць увайсці ў спіс 30 багацейшых краін свету, але для гэтага трэба трымацца
8–12% у год тэмпу росту ВУП.