Прафесар: падобна да таго, што COVID-19 стане сезонным захворваннем
Падобна да таго, што мы будзем жыць па чацвёртым сцэнары пандэміі — то-бок каронавірус стане сезоннай хваробай, сказаў спецыяліст па інфекцыйных захворваннях прафесар Саўлюс Чаплінскас.
«Мы бачылі, што ў цёплы час каронавірус таксама цыркуляваў, але
быў менш прыкметны», — пісаў у Фэйсбуку прафесар.
Ён звярнуў увагу на тое, што многія людзі хутка заражаюцца, вірус хутка распаўсюджваецца і муціруе. «Нагадаю, што ў вірусаў ёсць галоўная мэта: выжыць і як мага хутчэй знайсці клеткі, праз якія можна заразіць іншыя клеткі. У гэтым кірунку вірус і муціруе», — цытуе Чаплінскаса выданне delfi.lt.
«А праз 2-3 гады COVID-19 стане такім жа, як і іншыя каронавірусы, якія выклікаюць прастудныя захворванні. А да таго не трэба забываць, што нам трэба жыць ва ўмовах новай рэальнасці і выконваць неспецыфічныя і немедыцынскія меры прафілактыкі (насіць маскі, захоўваць адлегласць, мыць рукі)», — сказаў Чаплінскас.
Ён падкрэсліў, што даказана: прышчэпкі дапамагаюць чалавеку не захварэць цяжкай формай захворвання, захоўваюць яму жыццё. «Праведзеныя ў Ізраілі даследаванні паказалі, што, калі прышчэпленыя кантактуюць з хворымі каронавірусам, яны радзей захворваюць і радзей становяцца пераносчыкамі інфекцыі», — сказаў прафесар.
Паводле яго слоў, пакуль складана сказаць, колькі часу будзе дзейнічаць вакцына, паколькі пакуль прайшло занадта мала часу, каб убачыць вынік. «Спачатку казалі, што імунітэту хопіць на 3 месяцы, потым — на 6, затым — на 7. Усіх прышчэпленых будуць назіраць яшчэ як мінімум два гады», — распавёў спецыяліст.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў новай рэальнасці сродкі
абароны яшчэ павінны захавацца, паколькі ёсць даныя, што і прышчэпленыя
могуць заразіцца штамамі, супраць якіх вакцына не дзейнічае. «Аднак цяпер
мы ўжо ведаем, што вакцына абараняе не толькі канкрэтнага чалавека, але і
зніжае маштабы распаўсюджвання віруса ў грамадстве. Чым больш людзей
прышчапляецца, тым меншай будзе магчымасць распаўсюджвання віруса і з'яўлення новых штамаў», — лічыць сказаў Чаплінскас.