Праз заблакаваныя рахункі беларускія журналісты ва Украіне засталіся без грошай
Праз рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі больш за 100 беларускіх журналістаў летась прыехалі жыць і працаваць ва Украіну. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі 24 лютага, як і іншым грамадзянам Беларусі, ім былі заблакаваныя банкаўскія рахункі.
Намаганнямі Беларускай асацыяцыі
журналістаў удалося дастукацца да СБУ і Нацбанка. Асацыяцыя падала спіс
медыйшчыкам, якія пражывалі ў Украіне, па ім праводзілі неабходныя праверкі. У
рэшце рэшт, Нацбанк такі ўзгадніў разблакаванне рахункаў і накіраваў адпаведны
ліст у банкі. Але тут, як расказваюць калегі-журналісты, каму як пашанцавала. Пра гэта піша «Нацыянальная супольнасць журналістаў Украіны».
«24 лютага ўсім грамадзянам Беларусі заблакавалі
рахункі. І тут пачалося доўгае хаджэнне па пакутах, таму што на гэтыя рахункі
калегі атрымлівалі зарплату за сваю працу. Прычым некаторыя працавалі на
ўкраінскія выданні. Мы звярнуліся ў кампетэнтныя органы. Але нават пасля ліста
НБУ некаторыя банкі не хочуць гэтыя рахункі разблакаваць. Гэта вельмі дзіўна,
няма ніякай сістэмы. Мы падалі аднолькавую інфармацыю пра журналістаў, усе яны
ў адным спісе. Але банкі камусьці разблакавалі, а камусьці не», — распавядае намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі, які таксама ў мінулым годзе
вымушаны быў з'ехаць ва Украіну пасля двух ператрусаў.
Распавядае, што ўзнікаюць абсурдныя сітуацыі, прыходзяць
адказы з банка накшталт «мы не можам вас ідэнтыфікаваць». А аднаму з калегаў
прыйшла адмова з-за таго, што на момант адкрыцця рахунку ў яго не было
ідэнтыфікацыйнага кода, а цяпер з'явіўся.
«У многіх калегаў праблемы з аплатай жылля, яны не
могуць купіць ежу ці вопратку, таму што сродкі паступаюць, а скарыстацца імі
няма магчымасці», — каментуе Барыс Гарэцкі.
Алена Прыходзька, журналістка польскага радыё Radio Wnet
прыехала ва Украіну ў 2021 годзе пасля таго, як яе выклікалі ў Следчы камітэт.
Забрала з сабой малую дачку, а муж са старэйшымі дзецьмі з'ехаў пазней.
Ужо тут, у Кіеве, Алена пачала супрацоўнічаць з польскай рэдакцыяй.
«Калі я прыехала, беларускіх калегаў тут было няшмат, а
потым ужо пачалі выязджаць цэлымі рэдакцыямі. Мы вельмі ўдзячныя Нацыянальнаму
Саюзу журналістаў, які нас падтрымаў інфармацыйна, маральна і практычна», — распавядае Алена.
Кажа: беларусы з разуменнем паставіліся да таго, што
патрэбныя былі праверкі Службы бяспекі, бо ўсе яны маглі даказаць сваю
недатычнасць да рэжыму Лукашэнкі. Але тое, як цяпер паводзяць сябе банкі ў
дачыненні да журналістаў, выклікае абурэнне. Бо яны не рэагуюць на ліст НБУ.
«У некаторых людзей на гэтых рахунках былі зберажэнні,
якія яны перавялі з беларускіх картак, таму што там ужо сталі «экстрэмістамі» і «тэрарыстамі». Але ж гэта не злачынныя
грошы, гэта грошы за нашу працу, — заўважае Алена. — І тут усё залежыць проста
ад таго, што сабе думае аператар або тэлефаніст. Можа проста сказаць, маўляў, а
ты беларус, да пабачэння. Некаторыя калегі дазвоньваліся ў банкі з Польшчы, а
ім адказвалі: калі патэлефануеце з украінскага нумара, то будзем размаўляць».
Аляксандра Квіткевіч у Беларусі працавала ў аддзеле фінансаў
найбуйнейшага незалежнага партала T*T.BY
«У траўні 2021 года наш сайт заблакавалі беларускія
ўлады, арыштавалі рахункі кампаніі. У часткі маіх калегаў прайшлі ператрусы, 15
чалавек арыштавалі і адправілі ў СІЗА. Сярод іх была і гендырэктар партала
Людміла Чэкіна і галоўны рэдактар Марына Золатава. Яны да гэтага часу за
кратамі... Я ўжо сядзела 15 сутак у лістападзе 2020 года за працу на Маршы
пенсіянераў... У пачатку чэрвеня 2021 года мы пераехалі хто куды. Я адправілася
ў Кіеў. Тут журналісты стварылі новае СМІ, тут я і працавала», — распавядае Аляксандра.
Узімку 2022 года яна перайшла працаваць у незалежнае
беларускае выданне «Е*рарадыё», дзе працуе дагэтуль.
24 лютага з іншымі беларусамі Аляксандра вырашыла выязджаць
з Кіева ў Польшчу. 25 лютага ўбачыла, што яе рахункі ў Прыватбанку і банку
Пумба заблакаваныя. Наяўных было 60 еўра.
«На шчасце, офіс маёй цяперашняй рэдакцыі знаходзіцца ў
Варшаве. Мне было дзе спыніцца. Калі б прыйшлося здымаць жыллё, я не ведаю, што
б рабіла. Першыя пару месяцаў нават не спрабавала вырашаць пытанне з
украінскімі рахункамі. Вайна, не да гэтага. Потым напісала ў Пумба і
Приватбанк. Затым БАЖ прапанавала скласці спіс журналістаў, адправіць у СБУ і НБУ.
Так і зрабілі. Некалькі тыдняў нас правярала СБУ. Потым Нацбанк. Нарэшце 14
чэрвеня НБУ ўзгадніў разблакаванне ўсім», — распавядае журналістка.
Чакала тыдзень. Потым зноў звярталася ў банкі, дзе ёй
адказалі, што ніякага ліста не было.
«Я пісала ў Пумба з пытаннямі, калі ж. Потым
патэлефанавала яшчэ раз са свайго ўкраінскага нумара, ён у мяне адзін і другога не было. Да яго прывязаныя ўсе рахункі. У банку сказалі, што майго нумара няма ў іх у базе. Пасля гэтага ў банкінгу ў мяне пачаў адлюстроўвацца мінус
мільярд. Мільярда ніколі не было, а вось мінус мільярд з'явіўся», — кажа
Аляксандра.
У Прыватбанку таксама спачатку заблакавалі доступ да
банкінгу, але пасля паўторнага ліста з НБУ такі адкрылі рахункі.
«Мне пашанцавала, хоць грошай пры выездзе з Украіны не
было, але была праца і жыллё. А ў многіх журналістаў на картках завіслі грошы,
за якія яны маглі б цяпер жыць», — дадае яна.
Журналісты кажуць: нягоды ў гэтай сітуацыі дадае яшчэ і тое,
што і ў роднай краіне яны «ворагі», і ва Украіне не могуць спадзявацца на
разуменне і дапамогу.