Псіхолаг: Не прабачаць — нармальна
«Прабачаць можна тым, хто ў вас прабачэння просіць, прызнае свае памылкі і гатовы мяняцца», пра гэта псіхолаг Наталля Скібская распавяла «Еўр*радыё».
Размовы пра тое, што калі не прабачаеш, то мучышся сам — гэта поўнае трызненне, лічыць псіхолаг. Тым больш, калі гаворка ідзе пра прабачэнне тым, хто падтрымлівае вайну ва Украіне ці збівае людзей на вуліцах Беларусі.
Прывітанне, стакгольмскі сіндром
Калі ты прабачаеш, а прабачэння ў цябе пры гэтым не просяць, ты пачынаеш гуляцца — і надыходзіць стакгольмскі сіндром. Вы маеце права не прабачаць.
Калі казаць пра злосць, крыўду, нейкае расчараванне ў сваіх сябрах або сваяках, меркаванне якіх наконт вайны зрабілася шокам, можна не саромецца. Гэта шчасце, што людзі, якія нам не падыходзяць, не падыходзяць нам. Трэба з імі развітвацца і не заставацца ў гэтых аб'юзіўных стасунках. Вось і ўсё.
Калі бацькі — ябацькі
Многія беларусы расказваюць, што іх блізкія — ябацькі. Раней яны маглі мучыць, фізічна або эмацыйна здзекавацца, а цяпер ярка падводзяць рысу, маўляў, «для нас гвалт — нармальна». Гэта, вядома, вельмі злуе і крыўдзіць.
Раней можна было думаць, што яны чагосьці не разумеюць, неяк іх апраўдваць. Цяпер апраўдваць гэтых людзей складаней, бо мы бачым, што яны падтрымліваюць гвалт. У такіх выпадках можна паспрабаваць пагаварыць і растлумачыць, што для вас гвалт непрымальны, а тое, што яго падтрымліваюць вашы блізкія — тым больш.
У працэсе такой гутаркі ў суразмоўцы з'яўляецца магчымасць альбо папрасіць прабачэння, альбо сказаць уголас, што гвалт для яго — гэта норма. У выпадку апошняга можна разысціся і перастаць сябе мучыць у спробах апраўдаць чалавека або дараваць яму тое, за што ён ніколі нават не папросіць прабачэння.
Усё нармальна?
Адразу скажу: калі для вас зносіны з такімі сваякамі траўматычныя, вы маеце права гэтыя зносіны спыніць. Людзям старэйшага пакалення вельмі цяжка мяняць свой светапогляд, які ўстаяўся, і стратэгіі таго, што яны падтрымліваюць, а што не. Таксама давайце быць шчырымі: цяпер гэта проста небяспечна, нават для псіхікі.
Кажучы сабе, што ўсё нармальна, чалавек сябе супакойвае. Ён прымае бок агрэсара — таго, хто ўмоўна мацнейшы, бо нападае і душыць.
Калі ты кажаш, што так нядобра, ты аўтаматычна можаш стаць на бок ахвяры і зразумець, як гэта балюча, калі цябе душаць. Гэта вельмі слабая пазіцыя. Наша псіхіка імкнецца нас абараняць, каб мы адчувалі менш трывогі, неяк адаптаваліся і выжывалі ў тым, што маем.
Стасункі можна спыніць
Глядзець тэлевізар, слухаць навіны і пры гэтым суперажываць, удзельнічаць — гэта досыць пакутліва. Калі ты не падтрымліваеш вайну, то кожная навіна будзе выклікаць абурэнне і ўнутраны канфлікт, таму для некаторых гэта ад пачатку не варыянт.
Калі вам неабходна захаваць стасункі з людзьмі, якія не падтрымліваюць вашу пазіцыю, вы можаце пазбягаць нейкіх тэм у размове. Калі агрэсарская тэма так ці інакш будзе прасочвацца, у гэтым выпадку нармальна спыніць стасункі да пары да часу.
Такім чынам у вас застанецца надзея на тое, што аднойчы нейкім чынам вы зможаце прагаварыць сітуацыю. Пакуль жа сітуацыя не скончана, і яна вельмі складаная.