«Радыё Свабода» прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем

У чацвер, 23 снежня, МУС прызнала «Радыё Свабода» экстрэмісцкім фармаваннем.

top_logo_news.png


«Міністэрствам унутраных спраў 23 снежня 2021 года экстрэмісцкім фармаваннем прызнаная група грамадзян, якія аб'ядналіся з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў “Радыё Свабода”», — сказана ў афіцыйным паведамленні ўстановы, паведамляе REFORM.by.

Такі ж статус у Беларусі маюць выданні «Белсат» і «БелаПАН». Раней усе акаўнты «Свабоды» ў сацсетках былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Сёння таксама стала вядома што на фрылансера «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка ў Мінску завялі крымінальную справу.

«Радыё Свабода» (поўная назва — «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода», англ.: «Radio Free Europe/Radio Liberty», RFE/RL) — міжнародная некамерцыйная радыёвяшчальная арганізацыя, якая фінансуецца ўрадам ЗША. Папячыцелем з'яўляецца Агенцтва ЗША па глабальных медыя. Дэкларуе сваю місію «ў прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцей і інстытутаў шляхам звароту да аўдыторыі тых краін, у якіх свабода прэсы абмежаваная ўладамі або пакуль не стала нормай грамадскага жыцця».

Па стане на кастрычнік 2018 года вяшчанне вялося на 26 мовах на 23 краіны Усходняй Еўропы, Цэнтральнай Азіі, Блізкага і Сярэдняга Усходу. Акрамя эфірнага вяшчання, «Радыё Свабода» таксама вядзе вяшчанне праз Інтэрнэт і стварае тэлевізійныя перадачы. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Вашынгтоне, праграмны цэнтр — у Празе (да канца жніўня 1995 года знаходзіўся ў Мюнхене), таксама маюцца 17 рэгіянальных бюро. Паводле даных афіцыйнага сайта РС, у РСЕ/РС працуюць каля 400 штатных журналістаў і каля 750 фрылансераў.