Адвакатку Лізавету Матвееву, якая абараняла палітзняволеных, пазбавілі ліцэнзіі
Пазбавілі ліцэнзіі адвакатку Лізавету Матвееву, якая абараняла палітзняволеных Мажэйку, Мацкевіча, Лапатка, Слаўнікаву, паведамляюць праваабаронцы.

Лізавету выключылі з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, нібыта за тое, што яна здзейсніла дысцыплінарны праступак. Яе выклікалі на пазачарговую пераатэстацыю, а яна не пагадзілася з гэтым і абскардзіла правядзенне дадзенай пераатэстацыі ў судзе. З-за таго, што дадзенае рашэнне абскарджвалася, яна не з'явілася на пераатэстацыю, што было расцэнена як дысцыплінарны праступак.
Міністр юстыцыі пастанавіў прыцягнуць Лізавету да дысцыплінарнай адказнасці і прыпыніў дзеянне яе ліцэнзіі. Учора рада МГКА разгледзела пытанне аб дысцыплінарным спагнанні і прыняла рашэнне аб выключэнні Лізаветы.
Адзначым, што адвакатка таксама павінна была абараняць затрыманага ўчора Паўла Вінаградава.