Сацсеткі як пастка для карыстальнікаў

Днямі стала вядома, што супраць 24-гадовага гарадзенца Андрэя Галавенкі пачатая крымінальная справа за рэпост аднаго з відэакліпаў гурта Rammstein. Паводле часткі 2 артыкулу 343 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (выраб і распаўсюд парнаграфіі), хлопцу пагражае зняволенне ад 2 да 4-х гадоў.

By commons.wikimedia.org

By commons.wikimedia.org

Яшчэ ў 2014 годзе Галавенка на сваёй асабістай старонцы сацыяльнай сеткі ВКонтакте зрабіў рэпост аднаго з відэакліпаў нямецкага гурта Rammstein. Як расказвае малады чалавек, ён нават не падазраваў, што гэты кліп можа ўтрымліваць нешта супрацьзаконнае.

galavenka_1.jpg


Прайшло чатыры з паловай гады і Гарадзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта пастанавіў адкрыць у дачыненні да хлопца крымінальную справу. Падставай для яе паслужыла заключэнне аддзелу культуралагічных экспертыз Дзяржкамітэта судовых экспертыз, які прызнаў кліп забароненым да паказу і распаўсюджвання з-за ўтрымання парнаграфічных сцэн.
Ужо само заключэнне аддзелу экспертыз выклікае вялікія сумневы – згаданы кліп скандальнага гурту Rammstein мае дастаткова брутальны і нават вульгарны характар, магчыма ўтрымлівае намёкі на парнаграфію, але ніяк не выглядае парнаграфічным. Ён знаходзіцца ў адкрытым доступе і здагадацца пра яго незаконны характар звычайнаму карыстальніку інтэрнэту проста немагчыма.
Як толькі Андрэю Галавенку паведамілі, што яго даўні рэпост згаданага відэакліпу можа падлягаць крымінальнаму пераследу, ён адразу выдаліў яго з сваёй стужкі. Відавочна, што ў гарадзенца не было ніякага намеру распаўсюджваць парнаграфічныя матэрыялы, тым больш, што рэпост відэакліпа падобнага характару быў адзінкавым у яго стужцы. Чаму ў такой сітуацыі Следчы камітэт пастанавіў усё ж пачаць крымінальную справу – застаецца загадкай.
Не менш здзіўляе і тая сітуацыя, што служба бяспекі сацыяльнай сеткі ВКонтакте зусім не дбае пра бяспеку сваіх карыстальнікаў, не рассылае папярэджанні пра магчымыя ці відавочныя парушэнні карыстальнікамі дзейснага заканадаўства. Такім чынам гэтая сацсетка пераўтвараецца ў патэнцыйную небяспеку і пастку для сваіх карыстальнікаў. Апошнім часам пачасціліся выпадкі распачынання адміністрацыйных і нават крымінальных спраў за нібыта распаўсюд у гэтай сацсетцы так званых экстрэмісцкіх ці парнаграфічных матэрыялаў. Узнікае і натуральнае пытанне, чаму органы аховы правапарадку і законнасці Рэспублікі Беларусь не ставяць такіх пытанняў перад адміністрацыяй сацыяльнай сеткі ВКонтакте. Чаму, калі на нейкім інтэрнэт-рэсурсе ўзнікае нейкі незаконны матэрыял, адказнасць за яго нясе не толькі яго аўтар, але і кіраўніцтва гэтага сайту, а ў сітуацыі з сацсеткай яе адміністрацыя не мае ніякай адказнасці!?
У гісторыі з Андрэем Галавенкам відавочна, што ён не меў ніякіх намераў распаўсюджваць парнаграфічныя матэрыялы, а стаў ахвярай сваёй недальнабачнасці і неасцярожнасці. Але нават дасведчаныя юрысты не ведаюць, якія матэрыялы ў Рэспубліцы Беларусь забароненыя да публічнай дэманстрацыі, не ведаюць, дзе шукаць афіцыйны спіс такіх матэрыялаў.
Андрэй Галавенка вырашыў расказаць пра сваю гісторыю журналістам, каб папярэдзіць іншых карыстальнікаў сацыяльных сетак пра патэнцыйную небяспеку крымінальнай адказнасці за размяшчэнне пэўных матэрыялаў. Ён спадзяецца, што следства аб’ектыўна разбярэцца ў яго справе і ўстановіць, што ніякага наўмыснага намеру распаўсюджваць забаронены для дэманстрацыі іншым відэаматэрыял ён не меў.  
Паводле harodniaspring.org