Салігорцы ўзбунтаваліся супраць незаконнай забудовы
Незаконнае будаўніцтва аўтамабільнай дарогі праз дваравую тэрыторыю ў адным з мікрараёнаў Салігорска стала прычынай масавай незадаволенасці мясцовых жахароў.
Тушыць “пажар народнага гневу” кінуліся чыноўнікі райвыканкаму і ўпраўлення капітальнага будаўніцтва.
У панядзелак, 4 жніўня, дзеля вырашэння праблемы адбыўся сход жыхароў шматпавярховага дому №53 па вуліцы Заслонава. Ініцыятарамі сходу сталі актывісты мясцовай кампаніі “Абаронім лес”, якія ўжо некалькі гадоў змагаюцца за канстытуцыйнае права гараджан на спрыяльны навакольны асяродак.
— Справа ў тым, што праектоўцы зрабілі грубую памылку, у выніку якой былі парушаны заканадаўча замацаваныя будаўнічыя нормы. На парушэнне пайшлі нібыта па просьбе ДАІ, каб разгрузіць суседнюю вуліцу ад інтэнсіўнага руху аўтатранспарту. Зрабіць гэта вырашылі за кошт бяспекі і здароўя жыхароў гэтага дому, — кажа ініцыятар сходу Уладзімір Шыла. — Мы падрыхтавалі нашы абсалютна абгрунтаваныя патрабаванні да ўладаў і на сходзе ім гэта агучылі. Варта адзначыць, што да сходу жыхары дому ўжо збіралі подпісы з гэтай нагоды і сустракаліся з чыноўнікамі. Але тады гэта не было так масава.
Прысутныя на сустрэчы галоўны архітэктар гораду Святлана Круглова, намеснік старшыні райвыканкаму па добраўпарадкаванні Анатль Далгалявец і прадстаўнік Салігорскага УКБ Юрый Чухроў запэўнілі грамадзян, што будаўніцтва скразной аўтадарогі праз дваравую тэрыторыю будзе прыпынена, а зона пад дзіцячую пляцоўку павялічана. Іншыя патрабаванні адказныя чыноўнікі паабяцалі разгледзець у самы бліжэйшы час і даць афіцыйны адказ.