Самыя смелыя і неадназначныя. Сёння свята беларускіх ратавальнікаў
У Аўстраліі ратавальнікі дапамагаюць людзям у надзвычайных сітуацыях і здымаюцца напаўаголенымі ў календарах для дабрачыннасці. Іх беларускія калегі ратуюць людзей, здымаюць кацянят з дрэў. А яшчэ здымаюць сцягі і майткі няправільных колераў і закрываюць нязручныя ўстановы.
Прафесійнае свята — Дзень ратавальніка — у Беларусі было прыдумана ў 1998 годзе і з таго часу яшчэ ні разу не адзначалася на ўзроўні, які адпавядаў бы сутнасці таго, што робяць ратавальнікі — рызыкуюць сваім жыццём, каб дапамагчы іншым. У чым прычына? Верагодней за ўсё, у тым, што беларускае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — ведамства, якое абслугоўвае рэжым. І, як ва ўсіх падобных вінціках дзяржаўнай машыны, там няма месца шчырай увазе да кожнага чалавека. У Беларусі ратавальнікі — такая ж безаблічная маса, ад якой можна пазбавіцца, калі яна перастане падпарадкоўвацца.
Мы азірнуліся на некалькі гадоў назад і паглядзелі, чым адзначыліся супрацоўнікі МНС у жыцці краіны. Атрымаўся даволі яскравы і дзіўны партрэт гэтай, без сумневу, гераічнай прафесіі ў беларускіх умовах.
Лясы і балоты — свае і суседскія
Пачнём з самага відавочнага, таго, што першым прыходзіць у галаву, калі гаворка ідзе пра ратавальнікаў: яны тушаць пажары. Багатая на лясы і балоты Беларусь багатая і на пажары, з якімі даводзіцца змагацца ледзь не штогод. Калі-нікалі гэта проста лакальныя падзеі, але часам маштаб стыхійнага бедства не дае магчымасці хутка з ім справіцца — так неаднаразова было з заказнікам «Альманскія балоты», Чарнобыльскай зонай і памежнай лесапаласой на поўначы краіны. Нашы пажарнікі нават дапамагалі латвійскім калегам тушыць лясныя пажары на іх тэрыторыі.
Без усялякай іроніі варта адзначыць таксама, што яны мужна змагаюцца не толькі з прыроднай стыхіяй, але і з цалкам сабе чалавечымі хібамі — і часам пры гэтым нясуць страшныя страты. Так, напрыклад, у канцы кастрычніка 2021 года быў патушаны вялізны пажар на льнозаводзе ў Лёзне, плошча якога складала каля трох тысяч квадратных метраў. Тады пры выкананні сваіх абавязкаў трагічна загінуў намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Андрэй Мазоль.
Дакучлівыя «мінёры» і бясконцыя эвакуацыі
Раней у навінавых зводках часта можна было пабачыць інфармацыю пра тое, як на чарговым пажары былі выратаваны людзі, як зімою ратавальнікі даставалі з вады і з-пад лёду няўдачлівых плыўцоў і рыбакоў і г. д. Пасля таго, як Беларусь патанула ў рэпрэсіях, гэтыя паведамленні адышлі на далёкі задні план, але да таго, як рэжым пайшоў у наступленне, па краіне пайшла буйная хваля «мініраванняў».
У электронных паведамленнях і пры званках неўсталяваныя асобы паведамлялі пра «мініраванне» таго ці іншага гандлёвага цэнтра, вакзала, адукацыйнай установы, і на кожнае з такіх паведамленняў рэагаваць у першую чаргу абавязана было менавіта МНС. Яны правялі дзясяткі эвакуацый у самых буйных кропках краіны, тысячы людзей былі выратаваны ад «патэнцыйнай пагрозы». І гэтая хваля турбавала ведамства яшчэ ўвесь наступны год.
Ратаванне краіны ад «злачынных» сцягоў
2020 год быў адметным у жыцці ледзь не кожнага жыхара Беларусі, незалежна ад яго прафесіі і роду дзейнасці. Летам і восенню 2020 года адна палова беларусаў была на вуліцах і дэманстравала сваю нязгоду з гвалтам і ўзурпацыяй рэжымам улады, а другая палова была на вуліцах і спрабавала здушыць гэтую дэманстрацыю.
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях трымалася, як юнак на допыце, але хутка «раскалолася» і кінула на амбразуру сваіх супрацоўнікаў, якія вымушаны былі рызыкаваць сваімі жыццямі, каб здымаць з дахаў шматпавярховікаў бел-чырвона-белыя сцягі, завітваць на прыватныя балконы, каб дапамагчы гаспадарам прыбраць адтуль майткі ў непрыстойных колеравых спалучэннях, ці, напрыклад, спілаваць небяспечную для жыхароў спальнага раёна бел-чырвона-белую вежу. Кожны эпізод быў вялікай бітвай, кожны сцяг — адваяваным трафеем, і ўся краіна з прыдыханнем назірала ў жывым эфіры, ці здолее рука чарговага ратавальніка падняцца на сцяг. У некаторых, дарэчы, не падымалася.
БелАЭС, «ОК16» і іншыя «памятныя» месцы
Але не са сцягамі адзінымі змагалася ведамства. Яно было і застаецца часткай добра адладжанай схемы па закрыцці «непажаданых» устаноў, калі па камандзе «фас» з павадка спускаюцца падатковая інспекцыя, санстанцыя, МНС і іншыя «правяральшчыкі». Так закрылі арт-прастору «ОК16», дырэктаркай якой была палітзняволеная і адна з галоўных апанентак рэжыму Марыя Калеснікава. Гэтая ж схема спрацавала з сеткай вегетарыянскіх кафэ «Monkey Food». Вішанка на торце — прастора «Месца» са знакамітай выставай «Машына дыхае, а я — не», прысвечанай таму, з чым давялося сутыкнуцца беларускім медыкам — пандэміяй COVID-19 і палітызацыяй сістэмы аховы здароўя.
Уладам не падабаліся ні фотаздымкі з «бруднай зоны», ні гісторыі лекараў і пацыентаў, ні самаарганізацыя беларусаў, ні, тым больш, дэманстрацыя гэтага ўсяго. Выставу закрылі, а яе куратары і ўдзельнікі прайшлі праз беларускія турмы.
І ў дадатак да гэтага маленькі факт з мінулага жыцця: акрамя ўсіх іншых служб і ведамстваў, МНС выдавала дазвол на пачатак эксплуатацыі Беларускай АЭС, якая ўжо неаднаразова спынялася і не працавала па некалькі месяцаў.
«Правільныя» ратавальнікі і пратэст
У 2020 годзе ў МНС пачаліся звальненні па палітычных матывах. Нязгодных з патрабаваннем здымаць сцягі і «здаваць» пратэстоўцаў звальнялі, прычым звольненыя супрацоўнікі МНС тут жа знаходзілі сабе новую працу: людзі дзяліліся з імі кантактамі, дапамагалі грашыма і ўсяляк падтрымлівалі, тым самым выражаючы сваю салідарнасць і падзяку за прынцыповасць.
Ратавальнікі запісвалі звароты да кіраўніцтва і калег, заклікалі не мірыцца з несправядлівасцю і гвалтам — і не баяцца, ратаваць жыцці незалежна ад палітычных поглядаў, а не ісці на повадзе ва ўлады.
Напэўна, многія памятаюць гісторыю пра тое, як супрацоўнікі ТВВОД (ОСВОД) выратавалі ад АМАПа пратэстоўцаў на Камсамольскім возеры? Гэта быў, без сумневу, гераічны ўчынак: рызыкуючы сваёй свабодай, яны не здалі людзей у лапы катаў, а пераправілі іх на іншы бераг і далі магчымасць уцячы, за што самі апынуліся ў сумна вядомым ізалятары на Акрэсціна.
Такіх учынкаў, такіх прыкладаў тых, хто сапраўды называецца ратавальнікам, магло б быць і болей, калі б іх начальства не пайшло па наезджанай сцежцы і не стала часткай рэпрэсіўнага апарата.
Беларускія ратавальнікі будуць душыць пратэсты са зброяй у руках
Ініцыятыва выдаць зброю супрацоўнікам МНС узнікла ў 2021 годзе, калі рэжым пачынаў контррэвалюцыю. Тады міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскізаявіў, што «афіцэры МНС зʼяўляюцца “праваднікамі дзяржаўнай ідэалогіі”» і «калі спатрэбіцца, будуць спыняць беспарадкі са зброяй у руках». Праз год гэтая інтэнцыя ператварылася ў рэальнасць: беларускім ратавальнікам выдалі зброю і навучылі ёю карыстацца. Ці падымецца пры нагодзе рука ў тых, хто зрываў сцягі і звальняў нязгодных, страляць у свой народ?
Кантракт з Богам ці з д’яблам?
Верагодней за ўсё, нават на такія дзеянні МНС мае «блаславенне» — прычым не толькі ад свайго начальства, але і ад БПЦ. У мінулым годзе ўсё той жа Вадзім Сіняўскі падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях і Беларускай праваслаўнай царквой. Яно прадугледжвала «рэалізацыю сумесных мерапрыемстваў па фарміраванні і падтрыманні ў супрацоўнікаў выратавальных службаў духоўнасці і традыцыйных маральных каштоўнасцей» — менавіта так цяпер, гледзячы па ўсім, называюцца ахова рэжыму і рэпрэсіі.
Зусім нядаўна, напярэдадні прафесійнага свята, МНС атрымала ад БПЦ чатыры асвечаныя харугвы — з рук мітрапаліта Веніяміна, актыўнага прыхільніка Лукашэнкі. Апошні, уручаючы сцягі, заявіў:
«МНС мае патрэбу ў духоўным сімвале, які мог бы паслужыць жывым напамінам супрацоўнікам аб высокім прызначэнні іх працы. З іншага боку, гэта дапамагае асэнсаваць, што бываюць сітуацыі, калі надзвычай патрэбна дапамога звыш. Не ўсё вырашае толькі прафесіяналізм, хоць ён вельмі неабходны. Тут ёсць два складнікі: прафесіяналізм супрацоўнікаў МНС і Божае блаславенне, каб спорнай была справа і вынік быў». Здаецца, усё навідавоку, акрамя аднаго: дзе ва ўсім гэтым Бог?