Сяргей Няроўны: Незалежнай журналістыкі ўлада апасаецца найбольш

Так званая «справа БелТА», справа кіраўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП, смерць Алеся Ліпая, заснавальніка агенцтва «БелаПАН» — гэта тыя апошнія падзеі, якія ўскалыхнулі беларускае грамадства і незалежную журналісцкую супольнасць.

Фота 6tv.by

Фота 6tv.by

Некаторыя журналісты выказваюцца пра тое, што так званая „справа БелТА” пахіснула і так ужо падарванае здароўе Алеся Ліпая, і ён сышоў заўчасна.

Як кажа рэдактар крычаўскай газеты «Вольны горад» Сяргей Няроўны, апошнім часам ціск уладаў адчуваюць многія незалежныя журналісты, у тым ліку і ў рэгіёнах.

Кожны дзень незалежныя журналісты не пачуваюцца ў бяспецы, то бок, уночы, удзень кагосьці могуць затрымаць, кагосьці пасадзіць, і гэта, як правіла, адбываецца напярэдадні значных палітычных падзеяў. У бяспецы незалежная журналістыка не можа сябе адчуваць адназначна.

Грамадства павінна разумець, што незалежныя журналісты — гэтыя тыя людзі, якія могуць хутка данесці праўдзівую, сумленную інфармацыю, каб ведаць, што насамрэч адбываецца ў краіне. Улада лічыцца з імі, таму што яны могуць уплываць на грамадскую думку нават болей, чым апазіцыйныя партыі і г.д. Незалежнай журналістыкі ўлада апасаецца найбольш.

Як кажуць журналісты, незалежным сродкам масавай інфармацыі ва ўсе часы кіравання Лукашэнкі было нялёгка. Але зараз адчуваецца найбольшы ціск.

Нягледзячы на гэта, незалежныя журналісты пры любых умовах павінны даносіць да людзей аб’ектыўную, праўдзівую і дакладную інфармацыю. Бо гэта і ёсць тая задача, дзеля якой яны існуюць.

Таццяна Смоткіна,  www.racyja.com