Справаздача EUAA: Краіны ЕС у 80% выпадкаў задавальнялі просьбы беларусаў аб прытулку і абароне

Агенцтва ЕС па пытаннях прадастаўлення прытулку апублікавала штогадовую справаздачу. Паводле дадзеных EUAA, у 2021 годзе 80% заяў, пададзеных грамадзянамі Беларусі аб прадастаўленні міжнароднай абароны, былі задаволеныя.

scale_1200__2__9.webp


«Палітычныя абставіны прывялі да росту станоўчых рашэнняў для беларускіх заяўнікаў з 25% у 2020 годзе да 80% у 2021-м. Афганцы і беларусы маюць найбольш высокія паказчыкі станоўчых рашэнняў у краінах ЕС з 2008 года» — цытуе справаздачу агенцтва REFORM.by.

Пры гэтым Беларусь не трапляе ў ТОП-20 дзяржаў, чые грамадзяне ў 2021 годзе прасілі аб абароне ў краінах ЕС. Аднак у Польшчы і Латвіі больш за ўсё заяў падавалася менавіта ад беларусаў.

У цэлым у 2021 годзе дзяржавы Еўрасаюза атрымаў каля 648 тысяч заяў аб прадастаўленні міжнароднай абароны, што на траціну больш, чым у 2020-м. Пры гэтым больш за ўсё заяў падалі грамадзяне Сірыі (117 тысяч) і Афганістана (102 тысячы).

У першай інстанцыі ў мінулым годзе было прынята 535 тысяч рашэнняў па заявах, у тым ліку 118 тысяч рашэнняў аб прадастаўленні статусу бежанца і 64 тысячы — аб прадастаўленні дадатковай абароны. Станоўчымі былі 34% рашэнняў.

У справаздачы таксама адзначаецца, што ў 2022 годзе было прынята рашэнне аб прадастаўленні часовай абароны людзям, якія пакінулі Украіну з-за вайны. Па апошніх дадзеных, каля 6 мільёнаў чалавек заехалі ў ЕС з моманту нападу Расіі, пры гэтым больш за 3,4 млн зарэгістраваліся для атрымання часовай абароны.