За паўгода польскія памежнікі налічылі амаль 6000 спроб нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы

Амаль шэсць тысяч спроб нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы зафіксаваў сёлета польскі бок. Калі ж палічыць з мінулага году і пачатку міграцыйнага крызісу, то гэта больш за 45 тысяч выпадкаў.

pic_4_3.jpg


З мэтай вырашэння праблемы на мяжы паўстае высокая агароджа, якая ўжо стрымлівае магчымых нелегальных мігрантаў. Да канца чэрвеня фізічны бар’ер будзе гатовы, перадае Радыё Рацыя.

«Але на гэтым працы яшчэ не завершацца, — кажа прэс-сакратар Польскай памежнай аховы — Электронная сістэма аховы граніцы, а гэта відэакамеры і дэтэктары, павінна быць гатова да восені».

На гэты час на польскай мяжы нясуць службу не толькі памежнікі, але таксама некалькі тысяч вайскоўцаў і патрулі паліцыі.

Што тычыцца самой агароджы, то супраць яе пабудовы выступілі эколагі, як беларускія, так і польскія, а таксама з іншых краін Еўропы. Яны звяртаюць увагу, што агароджа перашкаджае натуральнай міграцыі жывёл, а таксама прыводзіць да іх гібелі.

У Польскай памежнай ахове кажуць, што бар’ер прадугледжвае 24 пераходы для буйных жывёл. «Для буйных жывёл існуе 24 пераходы праз фізічны бар'ер і 140 тысяч адтулін для дробных жывёл, а таксама водапрапускныя трубы на існуючых вадацёках», — гаворыцца ў паведамленні памежнікаў.