Стала вядома, чаму дэманціравалі помнік Міхаілу Жызнеўскаму ў Кіеве

Помнік Жызнеўскаму, як памятныя знакі іншым загінулым пратэстоўцам 2014 года, знеслі. Гэта ўзгаднілі з кіеўскімі ўладамі.

mihail_zyzneuski.jpg

Афіцыйныя запыты пра лёс кіеўскага помніка беларусу, Герою Украіны Міхаілу Жызнеўскаму, які быў пастаўлены ў 2014 годзе — неўзабаве пасля гібелі герояў Нябеснай сотні, даслала «Радыё Свабода». Рэдакцыя скіравала лісты ў музей Рэвалюцыі Годнасці і да мэра Кіева Віталя Клічко. Цяпер атрымалі першы адказ — з музея.

Нагадаем, помнік Герою Украіны беларусу Міхаілу Жызнеўскаму ўсталявалі ў лістападзе 2014 года непадалёк ад меркаванага месца яго гібелі ў Кіеве — на рагу Пятроўскай алеі і вуліцы Грушэўскага. Помнік не меў ахоўнага статусу, але яго дэмантаж узгаднілі з грамадскай арганізацыяй «Сям’я Герояў «Нябеснай сотні».

Пасля таго, як у Кіеве знайшлі ў кустах помнік Міхаілу Жызнеўскаму, «Свабода» звярнулася з афіцыйнымі запытамі наконт далейшага яго лёсу ў музей Рэвалюцыі Годнасці і да мэра Кіева Віталя Клічко.

Помнік, які знайшлі ў кустах

Помнік, які знайшлі ў кустах

Тэрыторыя пад аховай дзяржавы, помнік — не

Адметна, што помнік Міхаілу Жызнеўскаму ў Музеі Рэвалюцыі Годнасці, як і ў грамадскай арганізацыі «Сям’я Герояў «Нябеснай сотні», называюць памятным знакам.

Дырэктар музея Рэвалюцыі Годнасці Ігар Пашывайла ў адказе на афіцыйны запыт адказаў наступнае: «Паведамлялася, што ў сувязі з будаўніцтвам (мемарыяльнага комплексу героям-кіяўлянам, якія загінулі ў часе антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. — Рэд.) дэманціравалі памятны знак Міхаілу Жызнеўскаму, што кіеўская ўлада размаўляла па гэтым пытанні з грамадскай арганізацыяй «Сям’я Герояў «Нябеснай сотні» і што ёсць дамоўленасці аб усталяванні замест асобных памятных знакаў (у розных месцах вуліцы Грушэўскага ёсць яшчэ тры памятныя знакі загінулым пратэстоўцам — Сяргею Нігаяну, Раману Сеніку і Аляксандру Бадэры. — Рэд.) супольнага памятнага знака першым загінулым на вуліцы Грушэўскага».

Ігар Пашывайла патлумачыў, што месца, дзе знаходзіўся помнік Міхаілу Жызнеўскаму, з’яўляецца часткай тэрыторыі помніка гісторыі мясцовага значэння «Месца баявых дзеянняў і масавай гібелі грамадзян падчас акцый пратэсту ў студзені-лютым 2014 года». «Аднак сам памятны знак, згодна з уліковай дакументацыяй, не меў статусу аб’екта культурнай спадчыны ці помніка», — падкрэсліў Пашывайла.

Глядзіце таксама

Такім чынам, нібыта музей не меў паўнамоцтваў уплываць «на канкрэтны памятны знак Міхаілу Жызнеўскаму, які не мае ахоўнага статусу». А кіеўскія ўлады не ўзгаднялі з музеем пытанне дэмантажу помніка, не інфармавалі аб ягоным цяперашнім месцы знаходжання і аб далейшых планах яго ўсталявання.

Дырэктар музея адзначыў, што перад дэмантажом помніка і будаўніцтвам на ягоным месцы новага мемарыялу музей атрымаў ліст з Украінскага інстытута нацыянальнай памяці, з якога вынікае, што арганізацыя «Сям’я Герояў «Нябеснай сотні» пагадзілася на дэмантаж усіх асобных помнікаў, усталяваных на вуліцы Грушэўскага — Міхаілу Жызнеўскаму, Сяргею Нігаяну, Раману Сеніку, Аляксандру Бадэры і Юрыю Вярбіцкаму, але з умовай, што іх імёны будуць пазначаны на новым мемарыяле.

Мемарыяльны комплекс героям-кіяўлянам, якія загінулі ў часе антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. На мемарыяле няма ніякіх імёнаў — ні тых, хто загінуў на ўсходзе Украіны, ні тых, каго расстралялі ў часе масавых пратэстаў перад пачаткам вайны на Данбасе.

Мемарыяльны комплекс героям-кіяўлянам, якія загінулі ў часе антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. На мемарыяле няма ніякіх імёнаў — ні тых, хто загінуў на ўсходзе Украіны, ні тых, каго расстралялі ў часе масавых пратэстаў перад пачаткам вайны на Данбасе.

Зрэшты, пакуль на мемарыяльным комплексе героям-кіеўлянам, якія аддалі сваё жыццё за цэласнасць і незалежнасць Украіны, імёнаў наогул «не будзе, бо вайна працягваецца і спіс яшчэ не канчатковы, а пра гібель герояў «Нябеснай сотні» ўсе факты ўжо вядомыя». Пра гэта паведаміў кіраўнік арганізацыі «Сям’я Герояў «Нябеснай сотні» Юрый Аксенін. Ён жа прапанаваў Украінскаму інстытуту нацыянальнай памяці некалькі варыянтаў магчымых надпісаў і паведамляў, што помнік Жызнеўскаму дэманціравалі, але нібыта планавалі ўсталяваць недзе побач з тым жа самым месцам. Але праз тое, што помнік пасля вяртання будзе ствараць дысананс з новым мемарыялам, папрасіў прапанаваць архітэктарам стварыць новы памятны знак.

«Свабода» адзначае, што гэтае абмеркаванне адбывалася ў пачатку жніўня 2021 года, а новы манумент адкрылі 29 жніўня таго ж года.

0b11b624_d7c3_47be_b025_3fef27ffcc5c_w1023_r1_s.avif

Нагадаем, 13 кастрычніка стала вядома, што дэманціраваны помнік Міхаілу Жызнеўскаму знаходзіцца ў кустах, непадалёку ад таго месца, дзе раней і быў усталяваны.

Помнік Жызнеўскаму быў усталяваны ў 2014 годзе за кошт ахвяраванняў грамадскасці. На помніку быў надпіс на ўкраінскай мове «Білорус, який поклав життя за вільне майбутнє України» («Беларус, які аддаў жыццё за свабодную будучыню Украіны»).


Глядзіце таксама