Сталі вядомыя новыя скандальныя факты аб акумулятарным заводзе ў Брэсце

Завод будзе будаваць кампанія «АйПауэр», такое ж прадпрыемства якой у Ваўкавыску зачынілі за шматлікія парушэнні.

Здымак "Бінокль"

Здымак "Бінокль"


Ужо 34 тысячы подпісаў сабраныя супраць будовы ў Брэсце акумулятарнага заводу кампаніі «АйПауэр». Падрадчыкам выступае кітайская кампанія «Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». Завод будзе мець негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе, а тым самым будзе адмоўна ўплываць на здароўе гараджан. Акрамя таго, у справе былі парушаныя многія нарматыўныя акты.
Першым быў парушаны прынцып правядзення грамадскага абмеркавання, якое было толькі фармальным. «Пачаткова людзей абурыў гэты факт. Потым, калі пачалося вывучэнне дакументаў, то было заўважана мноства нестыковак у справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе і экалагічнай экспертызе гэтага заводу», — гаворыць Аляксандар Кабанаў, брэсцкі актывіст, адзін з аўтараў «Народнага рэпарцёра», які актыўна змагаецца супраць будаўніцтва заводу ў Мінску.
А. Кабанаў: Пасля мы пачалі ўглыбляцца ў тэму яшчэ больш. Мы ездзілі на сустрэчу з міністрам і яму агучвалі факты. Цікава, што экспертыза Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяродзьдзя была зробленая ў траўні 2017 году, а толькі ў ліпені была зробленая будаўнічая экспертыза. Прычым там былі парушэнні, якія тычыліся сістэмы ачысткі. Пытаньняў вельмі шмат. Моцна бянтэжыць тое, што на гэтыя пытанні адказаў няма.
Актывісты пачалі вывучаць гісторыю самога заводу і прадпрыемства «АйПауэр», якім кіруе Віктар Лемяшэўскі. І тут, па словах Аляксандра Кабанава, высветліліся скандальныя факты. У спадара Лемяшэўскага быў завод такога тыпу ў Ваўкавыску, які быў зачынены за шматлікія парушэнні. У Ваўкавыску Аляксандар Кабанаў быў са сваім аднадумцам і паплечнікам, таксама аўтарам «Народнага рэпарцёра» Сяргеем Пятрухіным.
А. Кабанаў: Лемяшэўскі амаль паўсюль у сваіх інтэрвію пачынае гісторыю пра завод з адкрыця крам па продажы акумулятараў і з адкрыцця заводу «Белінвестторг-Сплаў» у Белаазёрску. Аднак ніколі не ўзгадвае пра завод, які ў яго быў у Ваўкавыску. Мы туды паехалі і атрымалі вельмі цікавую карціну. Завод Лемяшэўскага ў Ваўкавыску быў зачынены. Там было вельмі шмат парушэнняў. Яго зачыняў непасрэдна старшыня райвыканкама Сіцько і сам губернатар Гарадзенскай вобласці Шапіра. Завод у Ваўкавыску знаходзіўся на тэрыторыі былой выпраўленчай калёніі.
С. Пятрухін: Гэта было ў непасрэдным суседстве з жылымі дамамі. Да яго было прад’яўлена мноства судовых іскаў. Лемяшэўскі абяцаў людзям, што вывезе зямлю і прывязе ў гароды новую. Уяўляеце! Ён абяцаў адправіць іх у санаторыі. Канешне, нічога зроблена не было. У глебе на тэрыторыі самога заводу дапусцімая норма свінцу была перавышаная ў 11 разоў. У буфернай зоне вакол заводу ў розных кропках у 3-10 разоў. У сувязі з гэтым завод зачынілі. Многія дагэтуль не садзяць у гародах гародніну. Адзін з медыкаў мясцовай паліклінікі расказала, што вельмі вырас узровень захворваемасці ў жыхароў вуліц, якія знаходзіліся па суседству з заводам. Захворванні былі зьвязаныя з перавышэннем дазволеных нормаў свінцу.
А. Кабанаў: Калі туды прыехалі інспекцыі і пачалі браць пробы глебы, правяраць завод на экалагічную бяспеку, то там былі выяўленыя вельмі сур’ёзныя парушэнні.За закрыццё заводу ў Ваўкавыску падпісаліся толькі 113 чалавек. Аднак дзякуючы настойлівасці мясцовых уладаў, якія пераняліся сітуацыяй, завод удалося зачыніць.
У Берасьці ўжо сабрана 34 тысячы подпісаў. Актывісты і неабыякавыя гараджане ўпэўненыя, што не дадуць на тэрыторыі гораду паставіць завод. «Калі гарадскія ўлады хочуць, каб людзі выйшлі абараняць горад на плошчу, то яны гэтага даб’юцца», – гаворыць Сяргей Пятрухін.
С. Петрухін: Мы не дамо пабудаваць завод. Калі кіраўніцтва аблвыканкаму, гарвыканкаму хочуць, каб людзі выходзілі на плошчу як у мінулым годзе, то яны гэтага даб’юцца. У мінулым годзе людзі выходзілі супраць Дэкрэту №3, у абарону сваёй працы, то тут яны выйдуць абараняць сваё жыцьцё, здароўе сваіх дзяцей. Навошта тады ўвогуле існуе горад? Людзі, якія жывуць у раёне будаўніцтва заводу, кажуць, што ў выпадку паразы, будуць прадаваць свае дамы. Прынамсі тыя, у каго ёсьць такая магчымасць.
Віктар Лемяшэўскі таксама запускаў завод па вытворчасьці свінцу «Белінвестторг-Сплаў» у Белаазёрску. Ёсьць доказы і шматлікія сведчаньні жыхароў, што завод адмоўна адбіўся на стане навакольнага асяроддзя і здароўі людзей. Мала таго, у Зялёным боры пад Белаазёрскам пад адчыненым небам ляжаць адходы з заводу.
У самім Брэсце ёсьць два месцы, дзе белаазёрскі завод скідваў свае адходы. «Атрымліваецца, што завод яшчэ не пабудаваны, а адходы ўжо ў Берасці ёсьць», – зьвяртае ўвагу Аляксандар Кабанаў. Актывісты перакананыя, што з адходамі «АйПауэра» будзе праблема, падобная да праблемы з адходамі, якія пад адчыненым небам ляжаць у Зялёным боры.
С. Пятрухін: У справе ёсьць яшчэ адзін нюанс. Гэта адходы ад перапрацоўкі акумулятараў. Гэта ўзровень другога-трэцяга клясу небясьпечнасці. Але яны праходзяць як поліэтылен. Ёсьць моцнае падазрэнні і, хутчэй за ўсё, яно правільнае, што «АйПауэр» мяняе коды адходаў. Яны небяспечныя робяць менш небяспечнымі. Яны ня хочуць імі займацца. Па адходам у Зялёным боры ўзбуджана крымінальная справа. Яны ляжаць пад адкрытым небам і нічога не робіцца. На мой погляд, Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя, дзяржава не кантралюе гэтага. Не зразумела, куды яны зліваюць кіслату. Нібыта яе возяць на «Мотавела». Але гледзячы на тое, што адбываецца, мы баімся, што сітуацыя не кантралюецца. Яны могуць вывозіць у лес ці выліваць у іншае месца серную кіслату. Мы гэтага ня бачылі, але тое, што адбываецца – гэта жах. Мы хочам, каб людзі пабачылі, што ў нас дзяржава губляе кантроль над сытуацыяй.
Актывісты перакананыя, што Віктара Лемяшэўскага цікавіць выключна прыбытак, а не ўплыў завода на навакольнае асяродзьдзе ці здароўе гараджан. Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін звяртаюць увагу на тое, што Лемяшэўскі мае «крышу», бо звычайны прадпрымальнік не быў бы ў стане дабіцца адкрыцця такога заводу з парушэннямі. Гэта, між іншым, адсутнасць узгаднення з аэрапортам і МНС.
Па дакумэнтах «АйПауэр» будзе акумулятарным заводам, але ў практыцы гэта будзе мэталургічны камбінат – адзначаюць Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў.
С. Пятрухін: Гэта будзе насамрэч мэталургічны камбінат, паколькі ў год яны будуць плавіць больш за 15 тон свінцу. Гэта мінімум. Гэта адна фура ў дзень. Паводле мяне, гэты свінец яны не будуць купляць ні ў Расіі, ні ў Афрыцы, бо гэта вельмі дорага. Мне здаецца, што яны будуць звозіць выкарыстаныя акумулятары з Кітая і тут іх перапрацоўваць. Яны гатовыя зрабіць тут звалку. Людзі вельмі занепакоеныя, а чыноўнікі і Лемяшэўскі кажуць, што гэта бяспечна. Але паказаць доказы, што гэта бяспечна, яны не могуць. Мы не супраць прагрэсу, але мы супраць нечага незразумелага. Гэта пры тым, што на заводзе будзе новая кітайская сістэма ачысткі. У Кітаі зачынілі 3 тысячы такіх заводаў. Яны забілі сваю экалогію і прышлі забіваць яе ў нас.
У Брэсцкім раёне ёсьць Інавацыйны фонд. Рашэннем кіраўніцтва Брэсцкага раёна 80% гэтага фонду былі выдзеленыя на будаўніцтва завода «АйПауэр». Сума складае каля 10% ад агульнай цаны будаўніцтва закону. «Грошы падаткаплатнікаў былі аддадзены на будаўніцтва заводу супраць якога яны змагаюцца», — падводзяць вынікі журналісты «Народнага рэпарцёра».
Актывісты і гараджане пераконваюць, што да канца будуць змагацца за сябе і за горад. За тым, як разьвіваюцца падзеі, можна падрабязна сачыць на канале «Народнага рэпарцёра», а таксама на старонцы stopzavod.by.
Паводле беларускй службы Польскага радыё