Што кажуць беларусы пра абарону Курапатаў
Амаль два тыдні працягваецца абарона Курапатаў. Незалежныя СМІ актыўна інфармуюць пра гэтыя падзеі. Але мы вырашылі пацікавіцца ў мінакоў, ці ведаюць яны, што там адбываецца зараз і што было 80 гадоў таму, як да гэтага ставяцца і ці гатовы дапамагаць актывістам? І вось якія адказы атрымалі.
Павел, 36 гадоў, футбаліст і прадзюсар
— Па адукацыі я гісторык і добра знаёмы з праблемай Курапатаў. Для мяне гэта чарговы доказ таго, што гісторыя пішацца кожны раз нанова. Пра будоўлю ля ўрочышча я даведаўся толькі са стужкі сацыяльных сетак. Пратэстоўцы маюць рацыю. Будаваць «на касцях» — спрэчнае рашэнне. Але мы заўсёды займаем нейкі бок. Як правіла, бок «слабога». Я не ведаю дасканала ўсёй сітуацыі. Хутчэй за ўсё, жыхары маюць рацыю. Але можа так стацца, што будоўля проста ім не падабаецца, і яны эксплуатуюць гэтую тэму. Так ужо было не раз.
Гэта пытанне павінна вырашацца ў судзе, як і любы іншы невідавочны канфлікт інтарэсаў. Мяркую, што шанцы адстаяць Курапаты ў судзе даволі вялікія. Могуць даць выйграць. Для галачкі.
Надзея, 23 гады, праграмістка
— Як я ведаю, гэта месца масавых расстрэлаў і пахаванняў у часы Сталіна. Нават дакладна не магу ўзгадаць, адкуль пра гэта даведалася. Наўрад ці са школьнай праграмы, бо яна даволі аднабокая. Там не вельмі аб’ектыўна прадстаўлена гісторыя нашай краіны, а ва ўніверсітэце ўсё было яшчэ горш.
Ад знаёмага чула, што раптам там пачалі будоўлю. Я не ўнікала, наколькі законна аддалі ўчастак забудоўшчыку, але прыйшлі актывісты, паставілі намёт, ўсяляк пратэставалі, чаплялі сябе кайданкамі да тэхнікі. А потым у канфлікт уначы далучыліся правакатары і з прарасійскімі лозунгамі напалі на пратэстоўцаў. А ў панядзелак будоўлю прыпынілі.
Я не магу зрабіць высновы. Можна зразумець і той, і той бок. Для кагосьці гэта месца памяці і гісторыя, а камусьці проста пляваць. Ды там яшчэ і нечыя грошы, калі будоўля ідзе.
Таццяна, 20 гадоў, студэнтка
Для мяне гэта месца пахавання рэпрэсаваных сталінскіх часоў, недзе ў Зялёным лузе. Зараз там нешта збіраюцца пабудаваць, але будоўлі супрацьстаяць актывісты. Мабыць, таму, што месца мае гістарычную значнасць, і вельмі неэтычна ўзводзіць нешта на нацыянальным некропалі. Пра гэтыя падзеі я даведалася ў «Фэйсбуку», там пішуць даволі шмат. Але СМІ асвятляюць праблему слаба.
У цэлым я, вядома, падтрымліваю іх, бо якіх бы палітычных перакананняў ні прытрымлівацца, разумны сэнс у ацэнцы падзей заўсёды павінен прысутнічаць.
Як бы крывадушна гэта ні гучала, але мая падтрымка складаецца хутчэй у грамадзянскай салідарнасці з гэтымі людзьмі. І ісці з імі на барыкады я не гатова. Мая грамадзянская актыўнасць і так знаходзіцца ў зачаткавым стане, а калі я і запланую яе поўнае адраджэнне, дык, напэўна, гэта не тая падзея, з якой я бы пачала.
Васіль, 21 год, праграміст
Пра Курапаты амаль нічога не ведаю. Напэўна, гэта месца недзе пад Мінскам і неяк звязана з рэпрэсіямі 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Пра нейкую будоўлю я прачытаў у сеціве, асабліва не цікавіўся гэтым. Толькі зразумеў, што пад яе выдзелена зямля, якая мае гістарычную каштоўнасць. Пра пратэсты ведаю толькі з загалоўкаў. Не ведаю, хто гэтыя людзі і іх пазіцыі. Калі будоўля ўжо распачалася, то лічу ўсе акцыі бессэнсоўнымі, бо ўсё вырашана.
Сяржук, 27 гадоў, спецыяліст па рэкламе
Курапаты для мяне — сімвал нікому не патрэбных і жахлівых ахвяраў і сімвал таго, якім не патрэбна быць грамадству. Гэта, безумоўна, вялікі ўрок для беларусаў, і адначасова — матэрыяльны доказ бесчалавечнасці твару бальшавізму. Пра тое, што там адбываецца зараз, я даведаўся дзякуючы некаторым беларускім СМІ. Балюча глядзець на гэта. На мой жаль, не магу падтрымаць абаронцаў сваім актыўным удзелам і проста сачу за падзеямі. Мяркую, што абавязкова настане час, калі гэтае месца будзе годна абараняцца ўладай, а адказныя за пастановы аб будаўніцтве паўстануць перад законам. Гэта будзе іншая Беларусь. Беларусь, якая выканала ўрок.
Настасся, 21 год, студэнтка
Наколькі я ведаю, Курапаты — месца масавых расстрэлаў палітычных зняволеных падчас рэпрэсій у Савецкім Саюзе. Знаходзіцца недзе пад Мінскам, магчыма, нават у межах горада. Калі я не памыляюся, гэта гістарычнае месца амаль ніяк не пазначана: няма помніка, і ўсё ў такім духу. А некалькі гадоў таму там хацелі пабудаваць гандлёвы цэнтр. Грамадскасць вельмі абурылася, і праект прыкрылі.
Пра новы віток пратэстаў я амаль нічога не чула. Але я на баку тых, хто хацеў бы ўзвесці ў Курапатах нейкі мемарыяльны комплекс, ці хаця б помнік. Гэта гістарычна значны аб’ект, а бізнэс-цэнтр можна і ў іншым месцы пабудаваць. Шкада, што мы жывем у эпоху, калі ў людзей у галовах адна купля-продаж і ніякіх іншых арыенціраў.
Я не вельмі ідэйны чалавек і па сваёй сутнасці зусім не актывіст. Нікога ніколі адкрыта не падтрымлівала. Хіба што на словах. Напэўна, я тыповы беларус, чыя хата з краю. Магу хіба што ахвяраваць на будаўніцтва помніка. Гэта мая мяжа.
Арцём, 26 гадоў, фрылансер
Курапаты для мяне — цяжкая, скрушная старонка гісторыі майго народа. У школе нам ніхто не распавядаў пра гэтае месца. Пра яго я прачытаў сам у артыкулах Зянона Пазняка, Ігара Кузняцова і іншых даследчыкаў. Цяпер, праз 25 гадоў незалежнасці Беларусі, Курапаты застаюцца сімвалам адпору ўладам, якія лічаць сябе спадкаемцамі СССР, не бачаць нічога злачыннага ў дзейнасці НКУС, а міністр унутраных спраў нават з гонарам маршыруе на парадзе ў форме чырвоных забойцаў. Штораз прыязджаючы ў Курапаты, адчуваю сум на душы, усведамляю, колькі ж перацярпеў беларускі народ за адно ХХ стагоддзе. Але варта ведаць, што Курапаты — не адзінае месца, дзе бальшавікі знішчалі людзей. У маёй роднай Оршы ёсць ажно два месцы расстрэлаў, дзе ад куляў бальшавіцкіх катаў загінула некалькі тысяч чалавек.
Пра пратэсты я даведаўся праз сацыяльныя сеткі, у якіх адразу ж пачаўся рух, нехта са знаёмых адправіўся пісаць пра падзеі з месца, нехта ехаў наўпрост пратэставаць, а нехта дапамагаў ежай і рэчамі. Бачыў акцыю анархістаў, банеры ў абарону Курапатаў. Штодня сачу за падзеямі.
Я падтрымліваю ўсіх, хто абараняе месцы масавага спачыну беларусаў, нашы Курапаты. Інфармацыйна дапамагаю, абмяркоўваў сітуацыю са многімі знаёмымі, некаторыя ўпершыню ад мяне пачулі пра гэта. Адзін чалавек пасля маіх словаў нават адправіўся туды. Грашова пакуль не дапамагаў, але зраблю гэта.
Ніколі і нікому не дазволена будзе кранаць гэтыя месцы. Улады неаднаразова рабілі ў Курапатах бязладдзе: то дарогу будавалі, то дэманстратыўна не лавілі нацыстаў, камуністаў, нацыянал-бальшавікоў з Расіі і іх памагатых з Беларусі, якія збівалі крыжы і распісвалі пераход свастыкамі і сярпамі з молатам. Цяпер незаконна аддалі зямлю пад забудову. Я лічу гэта нахабным наступам на Курапаты, спробай папляжыць важную частку нашай гісторыі. Таму я цалкам на баку актывістаў.