У Курапатах праходзіць мітынг

У лагеры абаронцаў Курапат адбываецца мітынг. Яго адкрыў лідар "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч.

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

Аб правядзенні мітынгу было абвешчана некалькі дзён таму, яшчэ да таго, як забудоўшчык прыняў рашэнне прыпыніць працы. 2 сакавіка, пасля перамоваў Дзмітрыя Дашкевіча з кіраўніцтвам ТАА "Белрэканструкцыя", на якіх бакі дасягнулі ўзаемаразумення, абаронцы Курапат заявілі: мітынг вечарам у пятніцу адбудзецца ў любым выпадку.
17.55. На месцы каля 40 чалавек, сярод якіх лідар лагера абаронцаў Курапат Дашкевіч, а таксама вядомыя палітыкі Павел Севярынец, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч, Вячаслаў Сіўчык. Людзі працягваюць падыходзіць. У лагеры абаронцаў Курапат устаноўленая імправізаваная сцэна пад тэнтам, стаіць гукаўзмацняльная апаратура, сем бел-чырвона-белых сцягоў.
18.05. Прыйшлі старшыня руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, сустаршыні кампаніі "Гавары праўду" Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў. Цяпер на месцы правядзення мітынгу каля 100 чалавек. Сярод іх — не толькі палітыкі і грамадскія актывісты, але і мясцовыя жыхары.
18.15. Мітынг адкрыў Зміцер Дашкевіч. Ён вітаў прысутных і перадаў слова пастару Антонію Бокуну. Пастар памаліўся за тое, каб каля Курапат больш ніколі не будавалі ніякіх бізнес-цэнтраў, каб гэта месца стала "месцам смутку, памяці пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій".
18.25. Слова ўзяў актывіст апазіцыі Вячаслаў Сіўчык, які павіншаваў прысутных з 950-годдзем Мінска. "На жаль, на нашу зямлю вельмі часта прыходзілі акупанты і нацыянальны мемарыял Курапаты з`яўляецца адным са сведчанняў гэтага", — дадаў палітык. Сіўчык выступіў супраць ідэі стварэння ў Курапатах новага мемарыяла, якая цяпер абмяркоўваецца ў дзяржаўных СМІ. Паводле яго слоў, цяперашняя ўлада з`яўляецца пераемніцай той, якая праводзіла палітычныя рэпрэсіі. Сіўчык нагадаў, што ў сакавіку 1917 года ў Мінску быў упершыню падняты бел-чырвона-белы сцяг, і заклікаў падтрымаць святкаванне юбілею сталіцы.
Кіраўнік аб`яднання "Хрысціянская злучанасць "Курапаты", член Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Алесь Чахольскі ў сваю чаргу зазначыў, што людзі, якія змагаліся за Курапаты і на гэтым мітынгу, паказалі, што "беларусы як нацыя былі, ёсць і будуць". Ён расказаў гісторыю адкрыцця Курапат, адзначыўшы ролю ў гэтым Зянона Пазняка, а таксама пра тое, як Беларусь здабыла незалежнасць пасля распаду СССР. "Засталося крыху часу да таго, як мы створым па-сапраўднаму незалежную беларускую нацыянальную дзяржаву з хрысціянскімі традыцыямі", — заявіў Чахольскі.
Ён негатыўна адазваўся аб жаданні ўладаў паўдзельнічаць у стварэнні мемарыяла ў Курапатах. Паводле яго слоў, гэты мемарыял ужо створаны людзьмі ў папярэдняе дзесяцігоддзе. На гэтым месцы павінен быць музей, Сцяна памяці з імёнамі ахвяраў рэпрэсій і пляцоўка для набажэнстваў з класічным хрысціянскім крыжам. "Нельга, каб нашчадкі НКУС у гэтым месцы ўлезлі са сваім бетонам. Мы павінны дамагчыся не толькі таго, каб знікла будпляцоўка бізнес-цэнтра, але і быць пільнымі, каб не дапусціць новую пагрозу Курапатам і разам іх абараняць", — падкрэсліў Чахольскі.
У мітынгу ўдзельнічаюць прыкладна 250 чалавек.
18.47. На мітынгу выступіў Юрась Губарэвіч, які, паводле слоў Дашкевіча, штодня забяспечваў пратэстуючых дровамі. Губарэвіч нагадаў, што Курапаты не адзінае месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Мінску, але "тут іх дзясяткі, гэта праблема нацыянальнага маштабу". Лідар руху "За Свабоду" падкрэсліў, што ў школьных праграмах тэма рэпрэсій 30-х гадоў практычна ігнаруецца. "Але нам патрэбная кансалідацыя, не трэба дзяліць грамадзян на сваіх і чужых. Магчыма, мы станем сведкамі важных падзей гэтай вясной. Людзі прачнуліся — пустыя халадзільнікі прымушаюць іх павышаць голас. Але рухавіком павінен быць не пусты страўнік, а тое, што ў сэрцы", — заявіў Губарэвіч.
18.55. Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец нагадаў прысутным пра васьмімесячную абарону Курапат у 2001 годзе падчас будаўніцтва МКАД. "Ізноў сёння, у 2017 годзе, мы прыходзім сюды, калі на вуліцы беларускіх гарадоў выходзяць тысячы абураных і годных беларусаў і калі беларусы прачынаюцца", — сказаў ён. Севярынец назваў Курапаты крыніцай і эпіцэнтрам нацыянальнай ідэі. На яго думку, цяперашнія ўлады з`яўляюцца паслядоўнікамі "не тых, у каго стралялі, а тых, хто страляў".
Пра тое, што працы па будаўніцтве аб`екта будуць спыненыя, стала вядома 2 сакавіка пасля сустрэчы Дашкевіча з акцыянерам ТАА "Белрэканструкцыя" Ігарам Анішчанкам і дырэктарам кампаніі Сяргеем Несцеравым.
Работы па будаўніцтве пяціпавярховага бізнес-цэнтра на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і Мінскай кальцавой аўтадарогі каля Курапат пачаліся 16 лютага. Аб`ект планавалася здаць да канца лютага 2018 года. Прадстаўнікі грамадскасці і мясцовыя жыхары выступілі супраць будаўніцтва, лічачы яго незаконным. Паводле іх інфармацыі, участак пад бізнес-цэнтр быў прададзены на аўкцыёне тады, калі гэтая зямля яшчэ ўваходзіла ў ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасці "Месца масавага пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты". Акрамя таго, узвядзенне аб`екта пачалося да таго, як быў канчаткова зацверджаны праект дэталёвага планавання гэтай тэрыторыі, адзначалі праціўнікі будоўлі.
20 лютага некалькі актывістаў "Маладога фронту" усталявалі на тэрыторыі будоўлі палатку і арганізавалі кругласутачнае дзяжурства. 27 лютага, пасля тыдня супрацьстаяння рабочых і абаронцаў Курапат, будоўля была прыпыненая.
1 сакавіка канфліктная сітуацыя абмяркоўвалася на сустрэчы прадстаўнікоў грамадскасці са старшынёй Мінгарвыканкама Андрэем Шорцам. Выслухаўшы іх довады, Щорац паабяцаў прыпыніць будоўлю да канца тыдня, каб прыняць канчатковае рашэнне. Пры гэтым сталічныя ўлады папрасілі згарнуць палаткі каля аб`екта. Актывісты лагера заявілі, што сыдуць толькі пасля таго, як атрымаюць пісьмовае сведчанне аб адмене будаўнічых работ, і дэмантажу плота.
Раніцай 2 сакавіка, яшчэ да сустрэчы Дзмітрыя Дашкевіча з кіраўніцтвам "Белрэканструкцыі", рабочыя пачалі вывозіць з будпляцоўкі тэхніку і бытоўкі.
Аляксей Аляксандраў, Захар Шчарбакоў, БелаПАН