Падранае паліто і сінякі на целе — вынік «размовы» актывісткі з міліцыяй
Актывістка прафсаюзу РЭП, мінчанка Галіна Лагацкая 1 сакавіка патрапіла на прыём да намесніка начальніка Маскоўскага РУУСа Мінска Мікалая Рудніцкага.

Галіна Лагацкая. Фота Радыё Свабода.
Перад гэтым на жанчыну нібыта быў складзены пратакол апытання за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў Курапатах, і яна вырашыла прасіць супрацоўнікаў міліцыі, каб тыя не складалі адміністрацыйнага пратаколу, паколькі яна не лічыць, што там было масавае мерапрыемства.
У выніку размовы ў РУУСе Лагацкай падралі паліто, пацягалі за валасы і моцна збілі. Актывістка запомніла прозвішча аднаго з “правахоўнікаў” — Міхалёнак. Яна таксама паспела запісаць кавалак сваёй “гутаркі” з супрацоўнікам міліцыі на тэлефон.
Зараз Лагацкая спрабуе ўзяць накіраванне на судмедэкспертызу, каб зафіксаваць гематомы на целе. Яна таксама намерваецца абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў Маскоўскага РУУСа ў пракуратуры.