Што не так з прапановай ГУБАЗіК уключыць у спіс нацысцкай сімволікі БЧБ-сцяг?
«Як нашчадкі людзей, якія ваявалі і аддалі жыцці за перамогу, мы не можам проста так, абыякава глядзець на сімволіку здраднікаў. Таму бліжэйшым часам будзем выступаць з ініцыятывай пра ўключэнне ў спіс нацысцкай сімволікі БЧБ-сцяга, які выкарыстоўваўся ўсімі калабаранцкімі арганізацыямі на тэрыторыі БССР у гады акупацыі», — заявіў у інтэрв'ю СБ намеснік начальніка ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч.
TUT.BY разбіраецца, што не так з гэтай заявай.
Што не так з заявай ГУБАЗіК?
Бел-чырвона-белы — нацыянальны беларускі сцяг, зацверджаны ў 1917 годзе. У яго аснове — колеры нацыянальнага герба «Пагоня», які стаў дзяржаўным на нашых землях у другой палове 14 стагоддзя.
Бел-чырвона-белы сцяг сапраўды выкарыстоўваўся падчас Вялікай Айчыннай вайны некаторымі калабарацыяністамі (людзьмі, якія свядома, добраахвотна ці наўмысна супрацоўнічалі з ворагам, на шкоду сваёй дзяржаве). Але гэтыя людзі былі ва ўсіх без выключэння акупаваных краінах Еўропы. Усе яны карысталіся сваёй нацыянальнай сімволікай. Напрыклад, Вішысцкі ўрад выкарыстоўва нацыянальны сцяг Францыі. Руская вызваленчая армія генерала Уласава карысталася Андрэеўскім сцягам, а яе асобныя фарміраванні — сучасным рускім бела-сіне-чырвоным сцягам і г. д. Але пры гэтым сучасныя французы, рускія і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей не адмаўляюцца ад сваёй нацыянальнай сімволікі. Акрамя таго, чырвона-зялёны сцяг быў прыдуманы ўжо пасля Вялікай Айчыннай вайны, таму падчас вайны альтэрнатыў БЧБ-сцягу не існавала.
Як адзначаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, «у гады Вялікай Айчыннай вайны мела месца выкарыстанне бел-чырвона-белых сцягоў на публічных мерапрыемствах з прапагандысцкімі мэтамі. Адбывалася гэта па ініцыятыве калабарацыйных арганізацый Астроўскага, Ермачэнкі, Ганько і іншых, якія дзейнічалі на тэрыторыі Генеральнай акругі "Беларусь" у 1941-1944 гадах. Аднак не выяўлена дакументаў пра афіцыйны дазвол германскімі акупацыйнымі ўладамі аб выкарыстанні бел-чырвона-белых сцягоў калабарацыйнымі арганізацыямі. У саміх статутах гэтых арганізацый бел-чырвона-белая сімволіка не згадвалася».
Гісторыкі, якія аналізавалі ваенныя фотаздымкі, прыйшлі да высновы, што БЧБ-павязкі часам выкарыстоўвалі ўдзельнікі некалькіх арганізацый. Напрыклад, так званага «Корпуса беларускай самаабароны», які быў створаны для барацьбы з партызанамі. Але немцы ім не давяралі і не ўзбройвалі іх, паколькі чальцы Корпуса часта пераходзілі да партызанаў. У выніку гэтая арганізацыя была расфарміраваная. А таксама чальцы «Саюза беларускай моладзі» — своеасаблівага мясцовага аналага гітлерюгенда.
У навуковай літаратуры адсутнічаюць якія-небудзь згадкі пра тое, што такія павязкі выкарыстоўвалі паліцаі.