Тэрарыст-міратворац
Добры план Пуціна шмат у чым супадае з задумамі Шаміля Басаева. Розніца толькі ў тым, што ў Уладзіміра Уладзіміравіча размах круцейшы: Данбас — гэта тэрыторыя куды больш шырокая, чым бальніца ў Будзёнаўску.
Апалчэнцам спыніць агонь. Урадавыя войскі вывесці. Арганізаваць міжнародны кантроль. Выключыць прымяненне баявой авіяцыі. Абмяняць ўсіх палонных. Адкрыць гуманітарныя калідоры для
бежанцаў і дастаўкі гуманітарных грузаў. Пачаць наладжваць мірнае жыццё.
Што казаць, гэта добры план, і Уладзіміра Уладзіміравіча, які «накідаў» свае сем пунктаў на шляху ў Манголію, можна павіншаваць. Ён класна прыдумаў і прыгожа выклаў. Коратка,
ясна, гуманістычна.
Шкада толькі, што са спазненнем.
Зрэшты, з невялікім, гадоў на 15 ці крыху пабольш, калі браць абедзве каўказскіх вайны, па гістарычных мерках — тэрмін мізэрны. Гэта цудоўны план для Чачні, дзе з пераменным
поспехам ваявала расійская армія. Успамінаецца нават, што нешта вельмі падобнае, часам прама даслоўна, змяшчалася ў міратворчых закліках чачэнскіх лідэраў. Аслан Масхадаў, у прыватнасці, заклікаў да
спынення бамбёжак, вываду федэральных войскаў з Ічкерыі, расфармавання мясцовых партызанскіх атрадаў і ўсталявання кантролю над рэспублікай з боку міжнародных арганізацый. Тады Пуцін неяк не змог па
вартасці ацаніць гэтыя прапановы, але мінуў, як гаворыцца, час — і прэзідэнт РФ узяў іх на ўзбраенне. Гэта значыць узброіўся міратворчымі ініцыятывамі, засвоіў і
прысвоіў.
Хоць, вядома, сітуацыя, якая склалася цяпер ва Украіне, не цалкам адпавядае чачэнскім рэаліям. Дакладней, адпавядае, але, хутчэй, з пераменай роляў. Таму ў якасці узорных для Пуціна прыгадваюцца
іншыя прыклады і іншыя на свой лад мірныя планы. Будзёнаўск прыпамінаецца, Дуброўка, Беслан. Тэрарысты захопліваюць бальніцу, тэатральны цэнтр, школу, а потым спрабуюць дыктаваць умовы аднаўлення
мірнага працэсу. Умовы да болю знаёмыя.
Зноў-ткі спыненне агню. Завяршэнне контртэрарыстычнай аперацыі. І да т.п. Наогул складаецца ўражанне, што ўсе гэтыя планы пішуцца пад капірку, і страшнаватая іх аднастайнасць прымушае
незалежнага назіральніка больш канкрэтна ацэньваць кожны такі выпадак. З улікам пабочных абставінаў. Адлучаючы міратворцаў ад тэрарыстаў, што атрымліваецца далёка не заўсёды.
Наадварот, Пуціну спяшацца няма куды.
За ім — Расія з усімі яе саюзнікамі, то бок войскам і флотам, спецслужбамі і паліцыяй, і 84% ці колькі там ўсенароднай падтрымкі, і Наваросія, найноўшы халіфат, узброены да
зубоў зброяй, закупленай у мясцовых ваенторгах. Праўда, закладнікі ў асобе мільёнаў грамадзян Украіны таксама не бяззбройныя, але ў лабавым сутыкненні з ядзернай дзяржавай асуджаныя на паразу. Аднак
да лабавога сутыкнення лепш не даводзіць, Захад жа таксама можа далучыцца да АТА, таму Пуцін ляціць у Манголію, далей ад мітусні свецкай, і ў вольную хвіліну накідвае мірны план. І ён не спяшаецца,
але цягне час, калі напярэдадні саміту НАТА ў Уэльсе, які практычна цалкам будзе прысвечаны расійскай тэматыцы, выступае са сваімі сям'ю пунктамі.
Ніхто ж не хоча ваяваць, і ён ім дорыць надзею: маўляў, не стану больш тэрарызаваць Украіну, калі там выканаюць мае ўмовы. Зрэшты, прэс-сакратар Пяскоў тут жа ўдакладняе пазіцыю шэфа, нагадваючы
пра тое, што Расія не з'яўляецца бокам у канфлікце, і як быццам перакрэсліваючы мірны пуцінскі план. Маўляў, Уладзімір Уладзіміравіч за мір і вызваленне закладнікаў, але што ён здолее зрабіць,
калі Наваросія пойдзе вызваляць Марыупаль? Нічога не здолее зрабіць, і кантрактнікі, якія пайшлі ў адпачынкі са сваімі танкамі і аўтаматамі, так і дойдуць да Кіева, калі санкцыі супраць Расіі будуць
станавіцца больш жорсткімі. Можа, і не за два тыдні, як Пуцін паабяцаў кіраўніку Еўракамісіі, але тэрміны тут вялікага значэння не маюць.
Наколькі эфектыўная гэтая гульня ў тэрор і міратворчасць — пытанне асобнае. З аднаго боку, Пуціну ўжо ніхто ў свеце не верыць, санкцыі непазбежныя, роўна як і далейшая ізаляцыя
РФ, і ціск па ўсіх франтах, і Арсень Яцанюк відавочна не толькі ад свайго імя кажа, калі называе мірны план Пуціна «спробай ашуканства». З іншага боку, пункты выкладзены, па-дурному
было б ад іх адмахвацца, тым больш што ўкраінская армія пасля трагедыі пад Ілавайскам мае патрэбу ў адпачынку. Таму ў Брусэлі і Кіеве таксама будуць імітаваць міратворчыя рэфлексіі, як іх імітуюць ў
Маскве. Абы, як гаворыцца, не было вайны, хоць не факт, што вайну можна спыніць імітацыяй міратворчых рэфлексій.
Але не вечна. Бо ўсё канчаецца, уключаючы тэракты, жыццё рана ці позна наладжваецца, і выжылыя закладнікі выходзяць на волю, і выжылыя тэрарысты займаюць самыя ганаровыя месцы на лаве падсудных.
Заказчыкаў і арганізатараў гэта датычыцца ў першую чаргу, і суддзя абавязкова дасць ім выгаварыцца, калі яны захочуць ў падрабязнасцях выкласці свае мірныя планы, умовы, патрабаванні.
Ілья Мільштэйн, svaboda.org