Хуткага міру не будзе

Пётр Парашэнка заявіў на саміце NАТО, што гатовы аддаць загад сілам АТА ў Данбасе спыніць агонь. Умовай стануць перамовы 5 верасня ў Мінску. Але ці варта спадзявацца на спыненне кровапраліцця?



molimsia_za_ukrainu.jpg

“Заўтра ў Мінску будзе падпісаны дакумент аб паэтапным увядзенні ўкраінскага мірнага плану. Калі сустрэча адбудзецца, я дам даручэнне Генеральнаму штабу аб спыненні агню”, — сказаў прэзідэнт Украінры Пётр Парашэнка.

Прадстаўнік беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык пацвердзіў на брыфінгу 4-га верасня, што падрыхтоўка да гэтае сустрэчы ідзе, і нават вядзецца акрэдытацыя замежных карэспандэнтаў. Толькі вось ні месца, ні час сустрэчы, акурат як і склад яе ўдзельнікаў, Мірончык не паведаміў.  

Узнікае пытанне: ці не зарана робіць заявы аб спыненні агню лідар Украіны? Узгадаем нядаўні мінскі саміт у фармаце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз. Падавалася б, узровень тае сустрэчы быў самым высокім. І напярэдадні тае сустрэчы Парашэнка казаў, што едзе ў Мінск за мірам. І што атрымалася ў выніку? Пшык. І не проста пшык, але Расія ўзмацніла дапамогу баевікам, а апошнімі днямі наўпрост уварвалася на тэрыторыю незалежнай дзяржавы. Пра што сведчаць грузы “200” і “300” (трупы і параненыя), якія ўжо пацягнуліся назад у Расію і выклікалі адпаведную рэакцыю камітэтаў салдацкіх мацярок.

Украінскія жаўнеры зараз пакідаюць нядаўна адваяваныя ў бандытаў тэрыторыі і аб’екты, колькасць забітых з абодвух бакоў хутка павялічваецца, лік ужо ідзе на тысячы.

У той жа час, ці можна зараз давяраць Маскве?НЕ. Яна робіць нявінную пысу, калі гаворка ідзе пра ўдзел расійскіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, заяўляе, што іх там няма, маўляў, нехта мог проста памыліцца і міжволі трапіць на тэрыторыю Украіны. Хоць ужо сляпому відаць, што з усіх дзірак на ўсходзе Сіне-Жоўтай  тырчаць крамлёўскія вушы. Выдаткоўваюцца аграменныя сумы, пастаўляецца зброя і жывая сіла ў выглядзе дэсантнікаў Пскоўскай ды іншых дывізіяў, якія ў свой час  “вызначыліся” у Афганістане і Чачні.

Зразумела, што ніякія фінансавыя сродкі, узбраенні і, тым больш, армія не з’яўляюцца на тэрыторыі чужое краіны без дазволу расійскага правадыра. Так што і чарговыя так званыя перамовы найхутчэй апынуцца таўчэннем вады ў чане, пакуль працягваюцца баявыя дзеянні і гінуць вайскоўцы ды цывільнае насельніцтва Украіны.

І яшчэ чаму нельга верыць Маскве. Памятаеце, як некалькі дзён таму расійскі бок заяўляў пра стварэнне калідору для выхаду з акружэння ўкраінскіх вайскоўцаў? Дык стварылі яны такі “калідор”, што ён аказаўся для ўкраінцаў сапраўдным пеклам, калі іх мэтанакіравана знішчалі ўсімі магчымымі ваеннымі сродкамі. У СМІ ўжо ёсць сведчанні тых, хто змог вырвацца з гэтага “калідора”.

Таму рана Парашэнку казаць пра спыненне агню. Прычым ужо цяпер украінскім жаўнерам не хапае ні зброі, ні забеспячэння, ні нармальных камандзіраў. Вось таму і разлічвае Кіеў на пастаўкі ваеннай дапамогі з Захаду. Ведаючы, хто кіруе Крамлём, такія пастаўкі вельмі спатрэбяцца, бо, гледзячы па ўсім, усё самае жахлівае яшчэ, на вялікі жаль, толькі пачынаецца. Простымі словамі і нават эканамічнымі санкцыямі нахабнага ўсходняга агрэсара, які адчувае сваю беспакаранасць, не спыніць. Таму хуткага міру чакаць не даводзіцца.

Проста не верыцца, што на дварэ ХХІ стагоддзе.