Расійскае тэлебачанне упершыню паведаміла пра гібель расійскіх вайскоўцаў ва Украіне

У Кастраме 4 верасня развіталіся з дэсантнікам Анатолем Траўкіным, які каля месяца таму адправіўся на ўсход Украіны, дзе загінуў у баі. Пра гэта паведамляе «Першы канал».



svajaki_zahinulaha_vajskouca.jpg

 Па дадзеных тэлеканала, аб сваім рашэнні адправіцца ва Украіну Траўкін не паведаміў ні жонцы, ні камандаванню часткі. 
«Афіцыйна ён проста ўзяў адпачынак», — паведамляецца на сайце «Першага канала». 
Дэсантніка, які загінуў ва ўзросце 28 гадоў, пахавалі з вайсковымі ўшанаваннямі побач з магілай яго маці. На пахаванні прысутнічалі яго родныя, сябры і калегі. 
Таксама «Першы канал» паведаміў, што ў падмаскоўным горадзе Электрагорск па ініцыятыве усерасійскай арганізацыі «Баявое брацтва» прайшла акцыя памяці салдата Сяргея Ждановіча, які загінуў у траўні ў ходзе баёў за аэрапорт Данецка. 
«На вайну ён сышоў сьвядома. Утрымліваць яго было бессэнсоўна, таму што чалавек гэта рашэнне прыняў адразу. Ён зрабіў так, як павінен быў зрабіць сапраўдны мужчына. Нам яго вельмі моцна не хапае. Але ўсё астатняе жыццё мы будзем ім ганарыцца»,  —  распавяла ўдава Сяргея Ждановіча Ларыса. Як адзначае «Першы канал», родныя загінулага салдата ведалі, што ён паехаў ваяваць ва Украіну.
Расія на афіцыйным узроўні адмаўляе ўдзел сваіх салдат у вайне ва Украіне.