Тэрмін расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да Баўмгертнера працягнуты на два месяцы
Тэрмін расследавання ў дачыненні да кіраўніка "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера і іншых фігурантаў крымінальнай справы працягнуты на два месяцы.
Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі Павел Траулька. Мера стрымання ў дачыненні да Баўмгертнера засталася
ранейшай — дамашні арышт.
Як паведамілі БелаПАН у Рэспубліканскай калегіі адвакатаў са спасылкай на аднаго з беларускіх абаронцаў Баўмгертнера Ганну Славіну, на гэтым тыдні плануюцца следчыя дзеянні з удзелам абароны. Зараз
адвакаты знаёмяцца з дакументамі.
Нагадаем, 26 жніўня Следчы камітэт Беларусі аб'явіў пра расследаванне распачатых Генеральнай пракуратурай спраў на падставе ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі) у
дачыненні да службовых асоб ЗАТ "Беларуская калійная кампанія": старшыні назіральнага савета Уладзіслава Баўмгертнера (ён быў затрыманы ў Мінску ў той жа дзень. — БелаПАН.),
члена назіральнага савета Алега Пятрова, першага намесніка генеральнага дырэктара Канстанціна Саладоўнікава, намесніка генеральнага дырэктара па фінансах Ігара Яўстратава, начальніка фрахтовага
аддзела Дзмітрыя Самойлава і іншых. Баўмгертнер утрымліваецца ў Мінску пад дамашнім арыштам, астатнія фігуранты аб'яўлены ў вышук.
4 кастрычніка СК Беларусі паведаміў, што "на падставе атрыманых следствам дадатковых даных, узнікнення новых акалічнасцяў Уладзіславу Баўмгертнеру і іншым фігурантам крымінальнай справы
ўдакладнена (дапоўнена) абвінавачванне". Якое менавіта — СК не паведаміў.
21 кастрычніка на сустрэчы з кіраўнікамі СМІ краін СНД Аляксандр Лукашэнка абмовіўся, што Баўмгертнер абвінавачваецца ў крадзяжы. "Не ўсё там проста. Праз швейцарскую кампанію прадавалі
калійныя ўгнаенні, цану адну паказвалі, дапусцім, 350 долараў, прадавалі па 400 долараў, а розніцу дзялілі. Ужо некалькі эпізодаў такіх, тут ужо не выкруцішся", — сказаў
Лукашэнка, дадаўшы, што такім чынам было перакваліфікавана абвінавачанне на крадзеж.
Лукашэнка таксама заявіў, што Баўмгертнер можа быць перададзены Расіі пасля кампенсацыі ўрону.
Раней СК паведамляў, што супрацьпраўныя дзеянні Баўмгертнера і шэрагу іншых топ-менеджараў ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" нанеслі ўрон да 100 млн. долараў. Пазней прэс-сакратар
Следчага камітэта Павел Траулька заявіў, што сума ўрону можа быць значна павялічана.
2 верасня Следчы камітэт Беларусі аб'явіў пра распачынанне справы ў дачыненні да галоўнага акцыянера "Уралкалія" Сулеймана Керымава. Ён абвінавачваецца ў арганізацыі
злоўжывання ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Керымаў абвешчаны ў міжнародны вышук.
25 кастрычніка расійскія СМІ паведамілі аб спробе супрацоўнікаў КДБ Беларусі захапіць у Маскве былога топ-менеджара Беларускай калійнай кампаніі. У адным варыянце размова ішла пра Дзмітрыя Самойлава,
у другім — пра Ігара Яўстратава. Афіцыйнага пацвярджэння або абвяржэння гэтай інфармацыі ні з расійскага, ні з беларускага бакоў не было.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН