Трэшачок тыдня. Лукашэнка патлумачыў пра 7 лістапада, Галоўчанка ўлез у кухню школьнікаў
Чым далей у лес, тым болей трэшанарыхтоўкі ад так званых беларускіх уладаў. Мінае чарговы тыдзень — у дзверы грукаецца чарговы дайджэст кафкіянства ад лукашэнкаўскага рэжыму.
Лукашэнка і 7 лістапада: падарунак народу
Беларусь застаецца адзінай краінай, дзе 7 лістапада дагэтуль з’яўляецца выходным і святам. Што выходным — хай, ад працы, як вядома, коні здыхаюць. Што святам — гэта ў галаве ўкладаецца слаба.
Днямі ўкласці паспрабаваў галоўны гісторык краіны. Як у яго атрымалася, мяркуйце самі.
«Мы на 7 лістапада заўсёды (партыя нас так вучыла) рабілі народу падарунак. І канец года практычна, і сельгасработы завяршаюцца. І адна з матывацый, каб пакінуць гэтае свята, у мяне была акурат гэтая: прывыклі людзі атрымліваць падарункі ад улады, адно ад аднаго — давайце пакінем», — патлумачыў Лукашэнка.
І дадаў, маўляў, у Беларусі штогод да 7 лістапада адкрываюцца новыя аб’екты: ад дзіцячых садкоў да буйных вытворчасцей касмічных маштабаў.
Вось, аказваецца, у чым сакрэт. Не было б 7 лістапада святам, хрэн бы вам, а не дзіцячыя садкі касмічных маштабаў.
Тое, што Лукашэнка трымаецца тымі самымі пальцамі не толькі за ўладу, а і за савецкую спадчыну, даўно вядома. І правадыр сусветнага пралетарыяту, як жывы, ледзьве не ў кожным горадзе на цэнтральнай плошчы стаіць. І вуліцы ідэйных камуністаў кшталту Дзяржынскага ці Свярдлова на кожным кроку. І ў піянеры школьнікаў прымаюць добраахвотна-прымусова, каб ведалі, што партыя — наш стырнавы.
Якое дачыненне мае да незалежнай Беларусі бальшавіцкі пераварот у Пецярбургу, справа дзясятая. Гэта ўлады не турбуе — савецкія хімеры нашмат больш важныя. То хіба са святам вас, спадарства…
Галоўчанка і школьнае харчаванне: нясмачна і неэстэтычна
На гэтым тыдні, амаль паводле Булгакава, прэм’ер Раман Галоўчанка пераўтварыўся ў Айседору Дункан, якая абедае ў кабінеце, а ў ваннай рэжа трусаў. Кіраўнік беларускага ўраду вырашыў паклапаціцца аб якасці харчавання ў школьных сталоўках. Мусіць, больш не было каму, а Лукашэнка быў заняты, то прыйшлося Галоўчанку заняцца катлетамі. І выявілася, што і ў гэтых рондалях усё не слава богу.
Зачарпнуўшы апалонікам школьныя харчы, прэм’ер прыйшоў да сумных высноў: «Нярэдка прапануюцца заведама нясмачныя, аднастайныя, неэстэтычна аформленыя стравы. Дзеці іх проста не ядуць. Адсюль і вялікая колькасць адкідаў пасля школьных сняданкаў і абедаў».
Ну ўсё, цяпер адкідаў будзе меней, а стравы ў школах абавязкова будуць смачнымі і эстэтычна бездакорнымі. Застаецца толькі выявіць, што з размеркаваннем абавязкаў у лукашэнкаўскай сістэме. Бо прэм’ер, які займаецца школьным харчаваннем, гэта, вядома, той яшчэ трэшачок. Хеўра ўсялякіх інспектараў і кантралёраў ёсць у так званай вертыкалі, а паспытаць кампот для вучняў акрамя Галоўчанкі ніхто не можа. Годная справа для прэм’ер-міністра, як раз яго ўзровень.
І можаце не сумнявацца, ён яшчэ і ганарыцца тым, што не грэбуе такімі простымі чалавечымі заняткамі. А калі так, то хай сабе. Хіба застаецца прапанаваць Раману Аляксандравічу асабіста надзець фартух ды пакухарыць каля канфоркі. Важна толькі не пераблытаць каўпак кухара з каптуром блазна.
Міністр і курыца: патлумачыў на пальцах
Кажуць, цяпер на двары год Тыгра, але ў Беларусі яго было б варта перайменаваць у год Курыцы. Бо тое, як улады завіхаюцца наконт кошту на гэтую птушку, яе тушку і «камплектуючыя», заслугоўвае шчырага захаплення.
Надоечы, напрыклад, гэтым вельмі ўстурбаваўся міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. На пальцах, разумны чалавек, ён патлумачыў дурным суайчыннікам, што тут да чаго.
«Прапісаны дакладны механізм, што незалежна ад таго, тушка гэта, альбо паўтушка, альбо нейкі дадатак, усё павінна каштаваць, як адзіная тушка. Для раздзелкі, напрыклад, таксама ўведзеныя новыя правілы гульні, што любая раздзелка, якая выконваецца на птушкафабрыках у спецыялізаваных цэхах, на мясакамбінатах, калі ўсю яе назад скласці, то яна павінна каштаваць па цане цэлай тушкі, плюс 10 адсоткаў на працэсінг», — сказаў міністр у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
Гэта, канечне, нагадвае вядомы гумарыстычны расповед пра ракаў, якія вялікія па пяць рублёў, а меншыя — па тры. Але ж у нас тут не эстрада… Зрэшты, як сказаць, бо ўсё пачалося як раз са стэндапу аднаго спецыяліста па раздзелцы. Ён абурыўся расчляненнем бедных курэй дай наогул забараніў павышаць цэны. А атачэнне, людзі спрэс з універсітэцкімі дыпломамі, замест таго, каб пасмяяцца ды пакруціць пальцам ля скроні, кінуліся выконваць усю гэтую бздуру з коштамі. Ад той пары і шчыруюць на бяду насельніцтву. Добра хоць, анатомію курыную вывучылі, але простаму беларусу ад таго не лягчэй.
«Экстрэмісты» і «тэрарысты»: лік пайшоў на тысячы
Мы ўжо неяк згадвалі, што Беларусь — самая «экстрэмісцкая» і «тэрарыстычная» краіна ў свеце. Што там тыя ісламскія фундаменталісты ці самалійскія піраты… Што там выбухі ў гандлёвых цэнтрах ці ўгоны самалётаў… Мінскі айцішнік альбо журналіст з якога-небудзь Брагіна — вось сапраўдная пагроза чалавецтву наогул і асобна ўзятаму дыктатарскаму рэжыму ў прыватнасці.
«Тэрарыстаў-экстрэмістаў» лукашэнкаўцы выкрываюць з такім жа велізарным імпэтам, з якім змагаюцца з палёгліцай і падвышэннем цэн. Выкрываюць — і ўсіх уносяць у чароўныя спісы, прыдуманыя невядама для чаго.
Літаральна ў пятніцу спісы вырашылі папоўніць. «Тэрарыстычны» — усяго толькі сямю прозвішчамі, уключна з медыаменеджарам Дзмітрыем Навошам. «Экстрэмісцкі» — тут вырашылі не эканоміць — адразу 244 асобамі, сярод якіх палітзняволеныя музыкі Надзея і Уладзімір Калачы, а таксама журналісты Аляксандр Івулін і Алег Груздзіловіч.
У выніку атрымалася, што «экстрэмістаў» у Беларусі стала ўжо 1714, а «тэрарыстаў» — 941. Нейкая неймаверная колькасць, не снілася нават ІДІЛ. І спісы, канечне ж, будуць пашырацца, бо выбары 2020 года паказалі, што «экстрэмістаў-тэрарыстаў» увогуле большасць сярод насельніцтва Беларусі. З гэтай большасцю ўжо трэці год лукашэнкаўскія хунвэйбіны акурат і змагаюцца. А заадно — са здаровым сэнсам, логікай гістарычных працэсаў і часам, які ідзе ў правільным кірунку.