Тры прычыны, чаму Лукашэнка не спяшаецца ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне

Па дадзеных беларускіх праваабаронцаў, у «камеры смяротнікаў» на дадзены момант застаўся адзін асуджаны. З пачатку года ў Беларусі былі пакараныя чатыры чалавекі, прычым трое з іх былі расстраляныя ў адзін дзень, 5 лістапада. На фоне шматгадовых заклікаў Захаду адмяніць смяротнае пакаранне, такое супадзенне выглядае дэманстратыўным.

Фота: http://mediakritika.by/

Фота: http://mediakritika.by/


Дык чаму ж афіцыйны Мінск ігнаруе заклікі ЕС увесці мараторый на смяротнае пакаранне? Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі назваў тры галоўныя прычыны.
— Першы момант. Лукашэнка па сваёй прыродзе чалавек, які вызнае ідэалогію жорсткіх пакаранняў. Слова «жэстачайшы» стала пагалоскай, яно пастаянна, хоць і ў фігуральным сэнсе, прысутнічае ў яго прамовах. Унутрана, я думаю, ён сам з'яўляецца прыхільнікам такога самага жорсткага, як многія лічаць, сярэднявечнага пакарання. Гэта адпавядае наогул любой недэмакратычнай і аўтарытарнай сістэме, таму што адзін з яе прынцыпаў — трымаць насельніцтва ў страху. Іншае пытанне, і гэта ўжо даказана статыстыкай і праваабаронцамі, што смяротнае пакаранне не вырашае праблему змяншэння колькасці злачынстваў, — падкрэсліў Аляксандр Класкоўскі.
Акрамя таго, лічыць суразмоўца, мы маем справу з выпадкам, калі пазіцыя кіраўніцтва краіны шмат у чым абапіраецца на ментальнасць і забабоны свайго электарату, выхаванага ў патрыярхальнай традыцыі суровых пакаранняў у духу «вока за вока, зуб за зуб».
Яшчэ адной прычынай ігнаравання праблемы з боку Аляксандра Лукашэнкі можа быць меркантыльны інтарэс, выказаў здагадку палітолаг:
— Пакуль Еўропа не прапанавала добрую цану за мараторый, аб адмене гаворка не ідзе. Але ўлады пакуль і на мараторый не ідуць, хоць пытанне вырашаецца адным узмахам ўладнай рукі.
На думку эксперта, калі Лукашэнка, пры ўсёй яго ментальнасці, адчуе, што вырашэнне пытання прынясе рэальныя дывідэнды, то на пэўным этапе ўлады могуць пайсці на мараторый.
— Але цяпер, мабыць, не тая фаза гандлю. Перш за ўсё, адмены смяротнага пакарання ці мараторыя патрабуе Савет Еўропы. А гэта арганізацыя, якая грошай не дае, калі казаць спрошчана. І задача Беларусі ўвайсці ў СЕ не з'яўляецца для ўладаў актуальнай. Наадварот, яна можа стаць галаўным болем, — распавёў суразмоўца.
Аляксандр Класкоўскі не выключае, што пытанне пра смяротнае пакаранне можа ўсплыць на чарговым рэферэндуме, калі такі адбудзецца:
— Праўда, не зусім ясна, якім будзе адказ, улічваючы і ментальнасць часткі беларусаў, і спецыфіку падліку галасоў у Беларусі. Зноў жа, зыход шмат у чым будзе залежаць ад палітычнай мэтазгоднасці, як яе разумеюць беларускія ўлады.
Паводле gazetaby.com