Федэрыка Магерыні: Смяротнае пакаранне — не сродак стрымлівання злачыннасці
Кіраўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Федэрыка Магерыні выступіла з заявай у сувязі з трыма смяротнымі пакараннямі ў Беларусі.
"Сёння мы даведаліся аб выкананні яшчэ аднаго смяротнага прысуду ў Беларусі — у дачыненні да Генадзя Якавіцкага. Раней на гэтым тыдні з'явілася інфармацыя аб смяротных пакараннях Івана Куляша і Сяргея Хмялеўскага. У красавіку быў пакараны Сяргей Іваноў, — сказала Магерыні. — Рост пакаранняў смерцю ў Беларусі ў 2016 годзе супярэчыць абавязацельствам, прынятым беларускімі ўладамі ў рамках ААН па ўвядзенні мараторыя на пакаранне смерцю".
Яна падкрэсліла, што Еўрасаюз выступае супраць смяротнага пакарання, якое не з'яўляецца сродкам стрымлівання злачыннасці, але ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленне чалавечай годнасці.
"Захады, зробленыя Беларуссю па павазе да ўніверсальных фундаментальных каштоўнасцяў, вяршэнства закона і правоў чалавека, уключаючы смяротнае пакаранне, будуць заставацца ключавымі для фарміравання далейшай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі", — заявіла Магерыні.
У перыяд з 28 лістапада па 1 снежня стала вядома пра расстрэл трох прыгавораных да вышэйшай меры пакарання — 28-гадовага Івана Куляша (абвінавачаны ў забойстве трох жанчын, крадзяжы і разбоі), 31-гадовага Сяргея Хмялеўскага (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве некалькіх чалавек) і 49-гадовага Генадзя Якавіцкага (неаднаразова судзімы, прызнаны вінаватым у забойстве сваёй сужыцелькі з асаблівай жорсткасцю). Як вынікае з афіцыйнага паведамлення, атрыманага сваякамі Якавіцкага, ён быў расстраляны 5 лістапада. Праваабаронцы мяркуюць, што ў той жа дзень былі расстраляныя і іншыя прыгавораныя да вышэйшай меры пакарання.
З асуджэннем новых выпадкаў смяротнага пакарання ў Беларусі таксама выступілі Савет Еўропы, Міжнародная федэрацыя правоў чалавека і "Міжнародная амністыя".
Варта адзначыць, што для Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў гэта ўжо другая заява па смяротным пакаранні ў Беларусі на гэтым тыдні.
30 лістапада, калі стала вядома аб пакаранні смерцю Куляша і Хмялеўскага, была апублікавана заява прэс-сакратара ЕСЗД.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН