За правы чалавека і вяршэнства закона

На гэтым тыдні Германія і Францыя ўшаноўваюць мужных жанчын і мужчын, якія па ўсім свеце выступаюць за правы сваіх суграмадзян.

avy_czalaveka.jpg

Гаворка ідзе пра такіх людзей, як бразільянка Марыя да Пенха, якая пасля нападу на яе ўласнага мужа прыкаваная да інваліднага вазка і сёння ўпарта змагаецца за абарону жанчын ад сямейнага гвалту.
Як Суніта Крышнан з Індыі, што паўстае супраць прымусовай прастытуцыі і гандлю людзьмі ў сваёй краіне, дзе многіх маладых жанчын, нават дзяўчынак, прымушаюць да прастытуцыі.
У Чадзе Жаклін Мудзейна вельмі мужна і з поспехам змагалася за тое, каб прыцягнуць былога прэзідэнта Хісэнэ Хабрэ да адказу за злачынствы, здзейсненыя ім падчас кіравання.
Раед аль-Салех з Сірыі раней быў бізнесменам і займаўся гандлем электратэхнікай. Сёння ён — кіраўнік «Белых касак», групы валанцёраў, якія дапамагаюць выцягнуць людзей з руін пасля авіяўдараў і аднавіць разбураную інфраструктуру. Часта пры выкананні сваёй місіі яны рызыкуюць жыццём.
Усе яны — людзі з самых розных куткоў свету. Людзі, на якіх такі розны вопыт наклаў свой адбітак. Аднак ёсць тое, што іх усіх аб'ядноўвае: яны змагаюцца за правы тых, хто побач.
Для таго, каб аддаць належнае гэтым мужным жанчынам і мужчынам ва ўсім свеце, мы вырашылі сумесна заснаваць Германа-Французскую прэмію «За правы чалавека і вяршэнства закона». На гэтым тыдні мы ўпершыню яе ўручылі.
Гэтай прэміяй мы шануем тых, хто з вялікай самааддачай рашуча выступае ў абарону іншых людзей. Пры гэтым яны часта рызыкуюць і працуюць у вельмі складаных умовах. Гэтыя жанчыны і мужчыны заслужылі нашу падзяку і падтрымку.
Для Германіі і Францыі абарона і прасоўванне правоў чалавека з'яўляюцца цэнтральным элементам нашай знешнепалітычнай дзейнасці. Правы чалавека — гэта аснова і неабходная ўмова для міру і справядлівасці ў нашым свеце. Таму мы, як міжнародная супольнасць, пасля жудасных войнаў ХХ стагоддзя абвясцілі пра сваю прыхільнасць абароне і прасоўванню гэтых правоў — у рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, АБСЕ, Савета Еўропы і Еўрапейскага саюза.
Цяпер, аднак, мы павінны зрабіць усё для таго, каб гэтыя вялікія дасягненні не аказваліся пад пытаннем. Мы бачым, што ў сённяшнім свеце такая пагроза іх размывання існуе — усё больш урадаў абмяжоўваюць грамадскія і індывідуальныя свабоды, прыкрываючыся меркаваннямі бяспекі, палітычнай стабільнасці ці культурных асаблівасцяў. Мы гэта назіраем і ў дэмакратычных краінах. Там, дзе арыштоўваюць журналістаў, адвакатаў і сябраў няўрадавых арганізацый. Там, дзе прысутнічае спакуса ўзвесці новыя сцены, хоць гісторыя нас вучыць, што сцены ніколі не вырашаюць праблем.
Германія і Францыя рашуча супрацьстаяць гэтаму.
Мы абодва ў ходзе нашых сумесных паездак на ўласныя вочы ўбачылі, што бывае, калі людзям адмаўляюць у іх фундаментальных правах. Таму мы па ўсім свеце выступаем за іх абарону і прасоўванне. Пры гэтым мы выкарыстоўваем увесь спектр інструментаў нашай знешняй палітыкі — ад падтрымкі мясцовых праваабаронцаў да садзейнічання дэмакратычнаму дзяржаўнаму кіраванню; ад прадухілення крызісаў да постканфліктнага аднаўлення.
Як міністры замежных спраў, мы будзем упарта працягваць барацьбу за тое, каб не толькі выяўляць выпадкі парушэння правоў чалавека, але і актыўна абараняць людзей ад абмежавання асноўных свабодаў. Барацьбу за правы чалавека мы павінны весці сумесна і на ўсіх узроўнях. А Германа-Французская прэмія «За правы чалавека і вяршэнства закона» — сімвал гэтага.
Лаўрэатамі Прэміі, прапанаванымі нашымі германскімі і французскімі замежнымі прадстаўніцтвамі, у гэтым годзе сталі: Тахміна Рахман (Бангладэш), Алег Гулак (Беларусь), Марыя да Пенха (Бразілія), Тун Сарай (Камбоджа), Максіміліен Нго Мбе (Камерун), Беверлі К. Джэйкабс (Канада), Жаклін Мудэйна (Чад), Ван Цяалін (Кітай), Мантсерат Салана Карбоні (Коста Рыка), Суніта Крышнан (Індыя), Мэры Лоулер (Ірландыя), Пьетра Бартала (Італія), Эва Абу Халаве (Іарданія), Сара Белаль (Пакістан) і Валянціна Чараваценка (Расія).
Спецыяльная прэмія прысуджаецца сірыйскай арганізацыі «Белыя каскі».

prem.jpg

Узнагарода на руцэ Алега Гулака

premija_za_pravy.jpg