Турма як арганічная частка беларускага грамадства
У сталічным Прэс-клубе прэзентавалі кнігі былых палітвязняў Мікалая Дзядка «Фарбы паралельнага свету» і Алеся Кіркевіча «Сем месяцаў у беларускай турме». Творы выйшлі ў серыі «Беларуская турэмная літаратура», заснаванай Праваабарончым цэнтрам «Вясна».
![2018_06_12_10.58.27_1_logo.jpg 2018_06_12_10.58.27_1_logo.jpg](/img/v1/images/2018_06_12_10.58.27_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пісьменнікі па прымусу
Запачаткавалі серыю кнігі Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» і Змітра Дразда «Бунт батанікаў». Мала хто з аўтараў серыі думаў пра выданне літаратурных твораў паводле турэмных успамінаў. Занатоўванне таго, што адбываецца, у той сітуацыі было натуральнай неабходнасцю, своеасаблівай праявай інстынкту самазахавання. Яно з’яўлялася нечым накшталт псіхатэрапіі — надавала сіл і дапамагала перажыць жахі, у якіх апынуліся вязні.
— Гэтая думка была натуральнай — аформіць серыю кніг. Адной з яе функцый было натаванне нашага драматычнага часу. Бо турма — гэта злепак дзяржавы, у якой мы знаходзімся, і гэта не намі сказана, я чытаў гэта яшчэ ў тых, хто пісаў пра Салаўкі, — зазначыў старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.
Рэдактарка серыі Алена Лапцёнак распавяла, што кніга Міколы Дзядка атрымала ў рамках серыі ўжо другое выданне, твор Алеся Кіркевіча падаваўся на прэмію Францішка Аляхновіча ў рукапісу, і друкаваная яго версія ўбачыла свет упершыню.
«Фарбы паралельнага свету» — цяпер у сеціве ў свабодным доступе
Пасля выбараў 2010 года Кіркевічу прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў верасні 2011 ён быў памілаваны. Але сем месяцаў, праведзеных у беларускай турме, пакінулі шмат успамінаў, разважанняў, пераасэнсаванняў, якія ўсё яшчэ не скончыліся, і сустрэч.
Адна з іх, дарэчы, апісаная ў кнізе, звязаная з лідарам АГП Анатолем Лябедзькам.
— Мы не збіраліся станавіцца пісьменнікамі — нас прымусілі імі стаць, — зазначыў Лябедзька падчас прэзентацыі. — Я і сам пісаў такі дзённік і толькі цяпер зразумеў, наколькі гэта актуальна. У мяне была магчымасць выдаць англамоўны варыянт, і гэта — найлепшае тлумачэнне таго, што адбываецца ў Беларусі, асабліва для замежнікаў. Калі людзі атрымліваюць такія кнігі, яны адкрываюць іншую Беларусь, а не тую чысценькую, для турыстаў.
Напрыканцы аўтар кнігі «108 дзён і начэй у засценках КДБ» пажадаў калегам па турэмнай літаратуры, каб гэта былі іх першыя і апошнія кнігі на гэтую тэму.
![2018_06_12_11.13.30_1_logo.jpg 2018_06_12_11.13.30_1_logo.jpg](/img/v1/images/2018_06_12_11.13.30_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аўтараў, хоць яны і з’яўляюцца «ідэйнымі апанентамі», звязвае не толькі досвед знаходжання ў беларускіх турмах, не толькі кнігі, у якіх яны падзяліліся гэтым досведам і якія выйшлі ў адной серыі, але і паслятурэмны лёс: абодва яны працуюць у «Новым часе». І рэдактарка тыднёвіка Аксана Колб вельмі ўсцешаная гэтым фактам.
— Няхай наступнымі выйдуць вашыя кніжкі публіцыстыкі, якая друкавалася ў «Новым часе», пра Беларусь, пра каханне, а гадоў праз 40 — мемуары, — пажадала яна журналістам.
Турма як… натхненне
Мікола Дзядок праходзіў па справе анархістаў і ў 2011 годзе быў асуджаны да чатырох з паловай год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а ў 2015 годзе дадаткова атрымаў яшчэ год турмы за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі», але, адбыўшы палову новага тэрміну, быў памілаваны.
«Я — правы, ён — левы. Я не мог зразумець, чаму трэба ўсё ва ўсіх забіраць ды дзяліць, ён не разумеў, чаму дзяржава ды іерархія каштоўныя. Пры гэтым, як слушна пісаў Даўлатаў, у зняволенні ўсе палітычныя трымаюцца разам і толькі на волі ці ў эміграцыі зноўку разбягаюцца па сваіх кутах», — піша Алесь Кіркевіч пра Міколу Дзядка.
— Той момант, калі Алесь зайшоў у нашу «хату» 128 на Валадарцы і час, які мы разам правялі, быў як глыток свежага паветра, — прызнаецца Дзядок.
![Мікалай Дзядок (злева) і Алесь Кіркевіч Мікалай Дзядок (злева) і Алесь Кіркевіч](/img/v1/images/2018_06_12_10.53.15_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мікалай Дзядок (злева) і Алесь Кіркевіч
Чаму варта зазірнуць у «паралельны свет» Міколы Дзядка
У кнізе ён не апісвае самых жахлівых, непрыемных, злых і гвалтоўных рэчаў, якія яму давялося пабачыць у зняволенні. Бо па вызваленні ўбачыў, што грамадзянская супольнасць і так запалоханая, і «не хацеў яшчэ больш укладаць у гэты страх».
— У мяне было вялікае жаданне дэрамантызаваць крымінальны свет. Насамрэч турма, як інстытут іерархічны, дзе іерархія з’яўляецца стрыжнем жыцця, не нясе ніякай справядлівасці, а толькі зло, гвалт і ціск. Я хацеў дэсакралізаваць метады, якімі людзей ламаюць пад следствам, пастараўся іх ускрыць, прэпарыраваць і паказаць вам. А яшчэ — падкрэсліць, што турма — не асобная інстытуцыя, што існуе для нейкіх аўтсайдараў і злачынцаў. Гэта не надзвычайная мера. Гэта такая ж арганічная частка беларускага грамадства, як школа, універсітэт, армія, праца. Усе тыя ж метады кантролю і дысцыплінарныя практыкі, што ўжываюцца і ў турме, ужываюцца і на волі. Таму і метады супраціву ім могуць быць аднолькавыя.
![Мікалай Дзядок Мікалай Дзядок](/img/v1/images/2018_06_12_11.12.09_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мікалай Дзядок
Нават згадваючы дэталі, якія не ўвайшлі ў кнігу, Мікола выбраў светлы эпізод са свайго досведу знаходжання за кратамі.
— Калі мяне яшчэ толькі прызналі палітвязнем, быў у нас звычайны трактарыст з вёскі, якому далі паўтара года за тое, што ён нешта скраў. А ў мяне ў той час яшчэ былі добрыя кешары, я быў «упакаваны» лепш, чым хто іншы, бо мяне тады яшч не пазбавілі перадач. А той мужык не атрымліваў перадач. І вось знянацку яна прыходзіць. Самая простая — сала, цыбуля, самыя танныя цукеркі і гарбата. Ён, атрымаўшы сваю ледзь не адзіную на ўвесь тэрмін перадачу, падзяліўся з усімі, і ў тым ліку са мной, хоць у мяне было ўсяго больш, чым у яго. Але ён сказаў: «Ты сядзіш за ідэю, таму бяры». Гэта мяне вельмі кранула, натхніла і ўсяліла веру ў людзей.
![2018_06_12_11.03.37_1_logo.jpg 2018_06_12_11.03.37_1_logo.jpg](/img/v1/images/2018_06_12_11.03.37_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Паміж беларусамі найчасцей былі разбураныя сувязі»
Алесь Кіркевіч прысвяціў сваю кнігу маці і жонцы — бо быў адпраўлены за краты праз 5 дзён пасля вяселля.
— На жаль, у Беларусі жанр турэмнай літаратуры не адыходзіць у нябыт. Дрэнна гэта ці добра? Дрэнна, што ёсць нагода сядзець за свае перакананні. А з пазітыўнага я вынес бы выснову, што дзякуючы такой літаратуры праблемы звычайных, непалітычных вязняў даходзяць вышэй, — кажа ён.
Па словах Кіркевіча, наша ўяўленне пра турму заснавана на міфах пра нейкіх шляхетных рыцараў, якія нясуць свой крыж. Але збольшага кантынгент тых, хто сядзіць на зоне — наведвальнікі ўніверсама «Цэнтральны», на які зрабілі аблаву а шостай вечара. І гэта — зрэз нашага грамадства, перакананы журналіст.
— Для мяне быў цікавы феномен невялікіх груп, напрыклад, людзі ядналіся паводле нацыянальнай прыкметы ці рэлігіі. Палітычных вязняў не так шмат, каб яны маглі салідарызавацца. Паміж беларусамі найчасцей былі разбураныя сувязі.
![2018_06_12_10.59.53_1_logo.jpg 2018_06_12_10.59.53_1_logo.jpg](/img/v1/images/2018_06_12_10.59.53_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Падручнік жыцця
Абодва былыя палітвязні зазначаюць, што ўсё яшчэ асэнсоўваюць тое, што перажылі ў зняволенні.
— Я ўмацаваўся ў сваіх перакананнях, пачаў больш цаніць людзей, якія побач, і добрыя сяброўскія стасункі, якіх у турме катастрафічна не хапае. Чалавечае там — на вагу золата, — гаворыць Мікола Дзядок. — Там, на дзіва, робішся больш талерантны. Калі на волі ты «варышся» сярод людзей табе блізкіх па духу, у турме ты вымушаны знаходзіцца разам з людзьмі, якім бы не паціснуў руку.
— Галоўнае — гэта пазбаўленне наіўнасці. Тут пануе кліпавае мысленне, а там — нейкае першабытнае, і ты спазнаеш псіхалогію — сваю і іншых, — дый проста даведваешся пра краіну, пра праблемы людзей, — гаворыць Алесь Кіркевіч.
Як зазначыла Алена Лапцёнак, многія сітуацыі ў кнігах апісаныя так прыгожа, у іх столькі чалавечага, што, сапраўды, можа ўзнікнуць ілюзія, нібыта турма — гэта нешта зусім не страшнае. І, слухаючы разважанні аўтараў падчас прэзентацыі, немагчыма было налюбавацца іх мудрасцю і сілай. Але што стаіць за імі, можна прачытаць хіба што паміж радкоў.
![Алена Лапцёнак чытае ўрыўкі з прэзентаваных кніг Алена Лапцёнак чытае ўрыўкі з прэзентаваных кніг](/img/v1/images/2018_06_12_11.01.37_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Алена Лапцёнак чытае ўрыўкі з прэзентаваных кніг
— Серыя напісана вельмі цікавымі, разумнымі, адукаванымі людзьмі, яснай мовай і мае высокія літаратурныя якасці. Я ў захапленні ад ведаў, якія атрымала з гэтых кніжак — гэта, сапраўды, падручнік жыцця, — падзялілася ўражаннямі праваабаронца Паліна Сцепаненка.
Фота Дзіяны Пінчук