У Беларусі адзначаюць Сусветны дзень бежанцаў

У 2000 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла 20 чэрвеня Сусветным днём бежанцаў (Word Refugee Day). 

Каб звярнуць увагу на праблему ўцекачоў, асоб, якія шукаюць прытулак, і асоб без грамадзянства ў нашай краіне, прадстаўнікі агенцтваў сістэмы ААН у Беларусі, грамадскіх арганізацый і вядомыя беларусы запісалі відэазварот. У ім яны заклікаюць падтрымаць тых, хто ў сілу розных абставінаў быў вымушаны пакінуць свой дом. Акцыя была арганізавана Прадстаўніцтвам Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) у Беларусі, якое ў гэтым годзе адзначае 25-годдзе дзейнасці на тэрыторыі краіны.
«Гэта няпроста ўсвядоміць, але кожныя тры секунды адзін чалавек у свеце вымушаны пакінуць свой дом, ратуючыся ад ваенных дзеянняў і канфліктаў, ганенняў і пераследу. Наша задача — падтрымаць іх, дапамагчы ім знайсці новы дом. не заставацца ў баку, а дзейнічаць. Дапамагчы можа кожны — важны любой ўклад», — гаворыцца ў роліку.
«Па дадзеных на канец траўня 2020 года, у Беларусі пражывае каля 9500 бежанцаў, асоб, якія шукаюць прытулак, і асоб без грамадзянства. У мінулым годзе за прадастаўленнем абароны ў Беларусі звярнуліся 654 чалавекі, за першыя пяць месяцаў гэтага года — 234 чалавекі. УВКБ ААН у Беларусі працягвае маніторыць сітуацыю з доступам да тэрыторыі і да дзяржаўнай працэдуры вызначэння статусу бежанца для таго, каб у кожнага была магчымасць звярнуцца за дапамогай і рэалізаваць сваё права прасіць прытулак», — адзначае кіраўнік Агенцтва ААН па справах бежанцаў у Беларусі Жан-Іў Бушардзі.
У відэазвароце прынялі ўдзел Прадстаўнік УВКБ ААН у Беларусі Жан-Іў Бушардзі, Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі, а таксама кіраўнікі агенцтваў і супрацоўнікі сістэмы ААН у краіне (Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ), Праграмы развіцця ААН, Фонду ААН у галіне народанасельніцтва, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі і Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ / СНІДу (ЮНЭЙДС)). Выказалі словы падтрымкі прадстаўнікі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, МГА «Развіццё» і праваабарончай арганізацыі Human Constanta. Да акцыі далучыліся Пасол добрай волі УВКБ ААН Іскуі Абалян, знакамітасць, якая падтрымлівае дзейнасць УВКБ ААН, Меліціна Станюта, а таксама мастацтвазнаўца Мікіта Моніч, спявачка Ганна Шалюціна, вядучы Максім Югаў, дызайнер Кацярына Цікота і іншыя беларусы.
У рамках Сусветнага дня бежанцаў УВКБ ААН у Беларусі запусціла флэшмоб у сацыяльных сетках з хэштэгамі #чтодлявасдом, #whatishomeforyou. Для ўдзелу неабходна апублікаваць пост з апісаннем свайго разумення таго, што такое «Дом». Да актыўнасці можа далучыцца кожны жадаючы, галоўнае пазначыць хэештэгі і падтрымаць тых, хто вымушаны быў пакінуць свой дом, ратуючыся ад розных жыццёвых абставін. Таксама адзначым, што з 13 па 20 чэрвеня на медыяфасадах БЦ «Футурыс» і ТРЦ Galleria Minsk трансляваўся інфармацыйны ролік у падтрымку бежанцаў.
УВКБ ААН, Агенцтва ААН па справах бежанцаў — сусветная арганізацыя, чые намаганні накіраваны на выратаванне жыццяў, абарону правоў і стварэнне лепшай будучыні для бежанцаў, асоб, якія шукаюць прытулак, ўнутрана перамешчаных людзей і асоб без грамадзянства. Па дадзеных УВКБ ААН, на канец 2019 года 79.5 мільёна чалавек вымушана пакінулі свае дамы, з іх 26 мільёнаў маюць статус бежанца. кожны соты чалавек на планеце з'яўляецца вымушаным мігрантам. Агенцтва імкнецца забяспечыць права кожнага чалавека, які бег ад гвалту, пераследу, вайны ці катастрофы ў роднай краіне, шукаць прытулак і атрымаць абарону ў іншай дзяржаве. УВКБ ААН у Беларусі працуе з верасня 1995 г.оду.
Паводле прэс-рэліза