У Беларусі праходзіць Тыдзень супраць катаванняў

Мерапрыемствы праваабарончай кампаніі «ПЫТАЙСЯ. Тыдзень супраць катаванняў» пройдуць з 22 па 26 чэрвеня анлайн. Яны прымеркаваныя да Міжнароднага дня ААН у падтрымку ахвяраў катаванняў (26 чэрвеня).

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаванняў» запрашае прыняць удзел у мерапрыемствах Тыдня супраць катаванняў. 
Праблема катаванняў і іншага жорсткага абыходжання застаецца актуальнай для Беларусі: бесчалавечныя ўмовы ў месцах несвабоды, жорсткія затрыманні падчас мірных сходаў, адсутнасць эфектыўнага расследавання і ігнараванне скаргаў на катаванні.
Даведацца рэальны маштаб праблемы немагчыма, статыстыку па фактах катаванняў дзяржава не вядзе, бо асобны склад злачынства катаванні ў Крымінальным кодэксе адсутнічае.
Каронавірус COVID-19 аказаў значны ўплыў на жыццё кожнага. Людзі, якія знаходзяцца ў месцах несвабоды больш уразлівыя перад COVID-19, чым насельніцтва ў цэлым. Закрытыя ўстановы могуць станавіцца прычынай больш актыўнага распаўсюджвання COVID-19, а людзі, якія ўтрымліваюцца за кратамі, могуць падвяргацца неабгрунтаваным абмежаванням.
Як можна палепшыць сітуацыю? Рэцэпт адзін — не маўчаць. Ахвярам — не мірыцца з гвалтам і бесчалавечнымабыходжаннем, надаваць такія выпадкі агалосцы, абараняць сваю годнасць. Журналістам і праваабаронцам — аказваць прафесійную дапамогу пацярпелым, трымаць фокус на праблеме.
Усе мерапрыемствы Тыдня супраць катаванняў нясуць у сабе заклік — спрабаваць дзейнічаць. Каб разам прасунуцца да грамадства, у якім гэтыя грубыя парушэнні правоў чалавека будуць выкараненыя.


Таксама з 22 па 26 чэрвеня людзі, якія сутыкнуліся з псіхалагічным ціскам або фізічным гвалтам з боку прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і ўстаноў, і іх блізкія змогуць атрымаць бязвыплатныя індывідуальныя юрыдычныя кансультацыі.
На кансультацыю юрыста трэба запісацца па тэлефоне +375 29 306 54 23.