У доме затрыманага лекара БХМП прайшоў ператрус. Сам ён, меркавана, — у СІЗА КДБ

Затрыманы лекар БХМП, якога Генеральная пракуратура падазрае ў разгалашэнні медыцынскай таямніцы, як мяркуецца, знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Пра гэта TUT.BY паведаміла ягоная жонка Наталля. «Сёння раніцай я пайшла туды наўгад — і ў мяне прынялі перадачу. Там жа сустрэла мужчыну, які ўчора прысутнічаў у нас дома падчас ператрусу».

Фота Вольгі Шукайла

Фота Вольгі Шукайла

Муж Наталлі С. працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам ў Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Ён урач вышэйшай катэгорыі, у снежні яму споўніцца 37 гадоў.
Сама Наталля таксама лекар. З мужам яны гадуюць траіх дзяцей: старэйшыя ходзяць у школу, малодшае дзіця — у дзіцячы сад. Сям'я жыве ў Пухавіцкім раёне.
Кожную раніцу сужонкі дабіраюцца на працу на электрычцы паасобку, дадому імкнуцца ехаць разам. Калі не атрымліваецца, сазваніваюцца і дамаўляюцца, хто забярэ дзяцей з саду і школы, распавядае Наталля.
 Учора пасля працы мы не сустрэліся, як звычайна, і я стала тэлефанаваць яму на тэлефон. Муж не адказваў, таму я адразу падумала, што нешта здарылася, хоць спадзявалася, можа, ён проста заснуў па дарозе і не чуе званкоў. Даехала да Мар'інай Горкі — зноў тэлефанавала. Забрала дзяцей са школы і саду, заляцела дадому, спадзявалася, можа, ён там. Хоць унутры разумела, што нешта здарылася: мы шмат гадоў разам, раней такога ніколі не адбывалася.
Па словах Наталлі, як толькі разам з дзецьмі яна зайшла ў дом, ёй патэлефанавалі. Чалавек прадставіўся супрацоўнікам Генеральнай пракуратуры, сказаў, што яе мужа затрымалі. Гэта было прыкладна ў 17.25-17.30.
— Пасля гэтага трубку далі мужу. Літаральна ў гэты ж момант у дом пастукалі. Наша сярэдняе дзіця пабегла адчыняць, я яму стала казаць: «Пачакай мяне». Змагла толькі спытаць у мужа, ці ўсё з ім добра. Ён адказаў, што так. Яшчэ паспеў сказаць нешта падбадзёрвальнае: «Не хвалюйся, можа, сёння адпусцяць». На гэтым усё.
Ператрус у доме лекараў доўжыўся каля дзвюх гадзін. У выніку ў іх канфіскавалі тэхніку, у тым ліку мабільны тэлефон Наталлі, кажа суразмоўца.
— З усіх, хто прыйшоў на ператрус, я ведала толькі нашага ўчастковага, да яго кайданкамі быў прышпілены мужчына з сіняком пад вокам — гэта адзін з панятых. Другім панятым была незнаёмая жанчына. Яшчэ быў пракурор і мужчына, якога я сёння бачыла ў КДБ — ён мяне пазнаў і нават павітаўся.
Увесь вечар і ноч з 19-га на 20-га лістапада Наталля не ведала, дзе знаходзіцца яе муж. Раніцай яна знайшла яго ў СІЗА КДБ.
 Каб даведацца хоць нешта, я наўгад пайшла з перадачай у СІЗА КДБ. Падумала, калі яе возьмуць, значыць, ён там. Перадачу прынялі, але толькі самае неабходнае: зубную пасту, ручнік, мыла.
Нагадаем, на дадзены момант у СІЗА КДБ таксама знаходзіцца журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч, якая рыхтавала матэрыялы пра памерлага жыхара «двара Пераменаў» Рамана Бандарэнку.
19 лістапада Генеральная пракуратура паведаміла аб узбуджэнні крымінальнай справы з-за «выдавання ўрачэбнай тайны» і «прадастаўлення недакладнай інфармацыі» па факце гібелі Рамана Бандарэнкі. Гаворка, верагодна, пра вынік аналізу крыві на этанол і наркатычныя рэчывы, у якім пазначана, што ніякіх рэчываў выяўлена не было. Хоць СК заяўляў, што пры шпіталізацыі ў Рамана Бандарэнкі была дыягнаставана «алкагольная інтаксікацыя».
Паведамлялася, што справа распачата ў дачыненні да ўрача УАЗ «Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі» і іншай асобы па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 178 (Разгалашэнне медычнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
У пракуратуры лічаць, што «дзеянні названых асоб пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія выявіліся ў павышэнні напружанасці ў грамадстве, стварэнні атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванні грамадзян да агрэсіі і проціпраўных дзеяннях».