Журналістку Белсата абвінавачваюць у арганізацыі беспарадкаў. Яе арыштавалі на 2 месяцы
Журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай сёння было выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Ёй абраная мера стрымання: арышт на 2 месяцы (то-бок да 20 студзеня 2021 года).
Кацярына не прызнае сваю віну і цалкам адмаўляецца ад дачы паказанняў.
Сёння яе мусяць перавесці ў СІЗА Жодзіна.
Таксама сёння раніцай па месцы прапіскі Кацярыны, у яе сваякоў, быў праведзены ператрус, але там нічога не знайшлі і не канфіскавалі, паведамляе «Наша Ніва».
Нагадаем, Кацярыну Андрэеву затрымалі ў адным з дамоў на плошчы Пераменаў 15 лістапада, пасля таго, як журналістка правяла стрым з акцыі. Да сённяшняга дня яна знаходзілася ў ЦІП на Акрэсціна.
Таксама следчыя СК прыходзілі па месцы прапіскі мужа Кацярыны Андрэевай, журналіста Ігара Ільяша.