Марфе Рабковай працягнулі тэрмін утрымання пад вартай
Праваабаронцы, каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай працягнулі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай яшчэ на адзін месяц. Яна застаецца ў СІЗА-1 на Валадарскага.
![Марфа Рабкова. Фота з сацыяльных сетак Марфа Рабкова. Фота з сацыяльных сетак](/img/v1/images/rabkova_marfa_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Марфа Рабкова. Фота з сацыяльных сетак
У лісце да свайго мужа Вадзіма Жаромскага Марфа паведамляе, што яе справу збіраюцца перадаць у суд у бліжэйшы час, да Новага года. Таксама ў лісце яна піша, што супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія прыходзяць да яе ў камеру, кажуць аб змене меры стрымання ў выпадку, калі Марфа "зменіць свае паводзіны". Але гэтага яна рабіць не збіраецца.
![list_davadzima_marfa.jpg list_davadzima_marfa.jpg](/img/v1/images/list_davadzima_marfa.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Урыўкі ліста Марфы Рабковай да мужа
Гэты ліст — першы, які атрымаў яе муж за два месяцы з моманту затрымання Марфы. У апошні час Марфа атрымлівае шмат лістоў і паштовак ад розных людзей, але інфармацыйная блакада карэспандэнцыі ад сваякоў працягваецца да гэтага часу. Так, бацькі праваабаронцы за гэты час не атрымалі ніводнага ліста ад дачкі, а яна не атрымала лістоў ад іх.
Вядома, што ўмовы ўтрымання Марфы пакідаюць жадаць лепшага. Яна сядзіць у невялікой камеры без рамонту, са столі сыплецца пабелка, а туалет — гэта проста дзірка ў падлозе. Аднак, як адзначае Марфа, усё можна вытрымаць.
У лісце, які атрымаў ад Марфы магілёўскі праваабаронца "Вясны" Аляксей Колчын, яна піша, што днямі яна чытае, адказвае на лісты і шмат разважае пра тое, што адбываецца ў краіне і ў свеце. Некалькі тыдняў таму яна прыхварэла, але хутка справілася з хваробай. І нягледзячы на інфармацыйную блакаду да яе ўсё ж дайшла вельмі добрая навіна з дому — у яе бацькі, які лечыцца ад анкалогіі, хвароба перастала развівацца. Таксама Марфа піша, што не губляе надзеі сустрэць Новы год у коле блізкіх людзей, і верыць, што справядлівасць абавязкова пераможа.
![Урывак ліста Марфы Рабковай да праваабаронцы Аляксея Колчына Урывак ліста Марфы Рабковай да праваабаронцы Аляксея Колчына](/img/v1/images/list_kolchiny_marfa.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Урывак ліста Марфы Рабковай да праваабаронцы Аляксея Колчына
Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня ў Мінску. Ёй прад'яўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці. Цяпер Марфа знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 у Мінску. Санкцыя артыкула, які ёй інкрымінуецца, прадугледжвае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Марфа прызнаная палітычнай зняволенай і вязнем сумлення.
spring96.org