У Капылі з’явіўся мурал з выявай Алеся Адамовіча (фота)
Выява беларускага пісьменніка размешчана на адным са шматпавярховых дамоў раённага цэнтра. Мурал — частка праекта, прысвечанага славутым ураджэнцам Капыльшчыны. Ідэю рэалізуюць мясцовыя ўлады.
Фотаздымак мурала «Белсату» даслала Таццяна Корзун,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры на пенсіі, жыхарка вёскі Канюхі ў
Капыльскім раёне, дзе і нарадзіўся ў 1927 годзе Алесь Адамовіч.
Спадарыня Таццяна распавяла, што праект прымеркаваны да Дня
пісьменства, які ў 2021 годзе будзе святкавацца ў Капылі. Запланавала, што
муралаў, прысвечаных культурным дзеячам, у горадзе будзе тры. Першыя два — паэту-песенніку Адаму Русаку і пісьменніку Алесю Адамовічу — ужо з’явіліся. Да
восені намалююць яшчэ мурал з Кузьмой Чорным.
Таксама ў Капылі з’явіцца помнік пісьменніку Цішку Гартнаму,
а ў мясцовым скверы ўладкуюць «Алею пісьменнікаў». Там усталююць 17
інтэрактыўных лавак з інфармацыяй пра пісьменнікаў-ураджэнцаў Капыльшчыны.
Таццяна Корзун таксама ўзгадала, што летась у жніўні
мясцовыя жыхары зрабілі ў Канюхах «Прыпынак Адамовіча». Гэта ўжо другі прыпынак
у Беларусі, прысвечаны пісьменніку. Першы з’явіўся ў 2018 годзе ў вёсцы Глуша
Бабруйскага раёна, дзе Алесь Адамовіч правёў дзяцінства і юнацтва. Гэты
прыпынак і стаў узорам для канюхоўцаў. Свой арт-аб’ект яны рабілі ўласнымі
сіламі і сродкамі. Маляваў партрэт Адамовіча, а таксама аздабляў прыпынак
мясцовы мастак Віктар Бураў, які жыве ў Грозаўскім псіханеўралагічным
доме-інтэрнаце.
Алесь Адамовіч — славуты беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 3
верасня 1927 года (гэта пашпартная дата, а сапраўдная — 3 жніўня 1926 года) у
вёсцы Канюхі. Калі Алесю быў усяго адзін год, яго бацькі пераехалі ў Глушу
пад Бабруйскам, якую потым пісьменнік называў сваёй сапраўднай малой радзімай.
Пра Канюхі ў сваёй кнізе «Vixi» Адамовіч пісаў, што гэта для яго самае
загадкавае месца з яго біяграфіі. Гэтую цытату канюхоўцы размясцілі на
прыпынку.
Алесь Адамовіч быў таксама актыўным грамадскім дзеячам, падтрымліваў стварэнне «Беларускага народнага фронту». Змагаўся з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы. Аўтар такіх твораў, як «Хатынская аповесць», «Нямко», «Мы з вогненнай вёскі», «Карнікі», «Блакадная кніга», «Апакаліпсіс па графіку», сцэнарыст фільма «Ідзі і глядзі».