У Першамайскім судзе Мінска судзяць удзельнікаў перадвыбарчых мітынгаў
Адміністрацыйныя працэсы над удзельнікамі акцый, якія адбываліся па час выбарчай кампаніі, распачаліся сёння ў судзе Першамайскага раёна Мінска.
![pershamaiski_sud.jpg pershamaiski_sud.jpg](/img/v1/images/pershamaiski_sud.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На 2 снежня прызначаны разгляд справаў актывістаў, у дачыненні да якіх складзеныя пратаколы па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве): Дзяніса Красачкі, Ніны Багінскай, Леаніда Кулакова і Вольгі Нікалайчык.
Красачка прыйшоў на суд з Анатолем Лябедзькам, у іх яшчэ будзе сведкам Ігар Маслоўскі. Актывіст збіраўся хадайнічаць аб тым, каб працэс праводзіўся ў судовай залі, а не ў кабінеце суддзі. Па справе з боку абвінавачання прысутнічаюць сведкі — два супрацоўнікі АМАП.
Справу Дзяніса Красачкі разглядае суддзя Анастасія Ляўкоўская.
Красачка хадайнічаў аб адводзе суддзі. Быў абвешчаны перапынак для прыняцця рашэння. Сведкамі выступаюць супрацоўнікі АМАПу Ілля Лемантовіч і Павел Асовік.
У выніку суд адмовіў у адводзе суддзі.
![krasachka_sud_2019_1.jpg krasachka_sud_2019_1.jpg](/img/v1/images/krasachka_sud_2019_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Суддзя зачытаў пратакол: Красачка парушыў парадак пікетавання, прыняў актыўны ўдзел у масавых мерапрыемствах, якія выходзяць па-за межы агітацыі, выкрыкваў "Жыве Беларусь".
Сам Дзяніс Красачка на гэта адказаў, што падчас выбараў акцыі рэгламентуюцца выбарчым кодэксам, а не законам аб масавых мерапрыемствах. Ён удзельнічаў у акцыі ў межах агітацыі кандыдата ў дэпутаты Маслоўскага, таму ён ўпэўнены, што ў яго дзейнасці няма парушэння закону аб масавых мерапрыемствах.
Выступіў сведка Павел Асовік. Ён сказаў, што яму паведамілі на службе пра тое, што мерапрыемства, дзе выступаў Красачка, было несанкцыянаваным. Красачка пацікавіўся ў супрацоўніка АМАПу: "Як вы змаглі вызначыць, законна ці не мерапрыемства, дзе я выступаў? Гэта ўваходзіць у паўнамоцтвы тэрытарыяльнай выбарчай камісіі (але запыт вы туды не накіроўвалі). Вы павінны ахоўваць".
Суддзя абвясціў перапынак да 17.00.
Вольгу Нікалайчык павінна была судзіць Ганна Ігнацьева.
Актывістка не прыйшла на разгляд адміністрацыйнай справы. Сведкі — супрацоўнікі АМАПу Місюлін і Трышкін. Яны кажуць пра тое, што падчас свайго дзяжурства ўбачылі масавае мерапрыемства на Кастрычніцкай плошчы, а "мерапрыемствы ж там забароненыя".
Справу Леаніда Кулакова разглядае Святлана Чараповіч. Аднак актывіст таксама не планаваў ісці на суд, пра што паведаміў карэспандэнту "Новага Часу".
Справу Ніны Багінскай разглядае суддзя Таццяна Ліннік.
Па ўсіх судах аб'яўлены перапынак да 17.00.
Паводле spring96.org