Улады дапускаюць пашырэнне ахоўнай зоны Курапатаў

Міністэрства культуры дапускае пашырэнне ахоўнай зоны Курапатаў. Такую выснову можна зрабіць з адказу чыноўнікаў на лісты грамадскасці.

kurapaty_az_paszyrenne_list_adkaz_logo.jpg

Гаворка ідзе пра звароты да міністра культуры Барыса Святлова і прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова з патрабаваннем прыняцця новага праекту зонаў аховы Курапатаў, які прадугледжвае значнае пашырэння ахоўнай зоны гэтай нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. Як вядома, у ахоўнай зоне Курапатаў забаронена ўсялякае новае будаўніцтва апроч патрэбаў самога народнага мамарыялу.

Новы праект зонаў аховы Курапатаў, распрацаваны айчыннымі спецыялістамі ў галіне аховы гістарычна-культурнай спадчыны, забяспечвае існаванне і захаванне як народнага мемарыялу, так і яго гістарычнага атачэння з захаваўшымся рэльефам, краявіднымі кропкамі і старадаўнімі дарогамі. Прычым няўхільнае выкананне гэтага праекта выключае новыя супрацьстаянні паміж абаронцамі Курапатаў, чыноўнікамі і нядобрасумленнымі бізнэсоўцамі. На думку аўтараў новага праекта, толькі пасля яго зацвярджэння можна разглядаць мажлівасць сумеснай з дзяржавай працы па завяршэнню мемарыялізацыі Курапатаў як месца масавых палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў.

На свой ліст грамадскасць атрымала адказ з Мінкультуры ад 3 красавіка. Між іншым, чыноўнікі паведамілі, што зацвярджэнне прапаноў па змяненні і (або) дапаўненні дзеючага праекту зон аховы Курапатаў ад 1 снежня 2014 году магчыма ў выпадку выяўлення новых гістарычных звестак, якія мяняюць уяўленне пра “характар антрапагеннага і (або) прыроднага навакольнага асяроддзя”, а таксама прадстаўлення ў міністэрства гэтых прапаноў у парадку, вызначаным заканадаўствам. Прычым гэтыя прапановы ў выглядзе пісьмовых і выяўленчых матэрыялаў павінны быць падрыхтаваныя спецыялістамі-архітэктарамі, якім афіцыйны дазволена кіраваць распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі па рамонту і рэстаўрацыі аб’ектаў матэрыяльнай гістарычна-культурнай спадчыны.  

10 сакавіка 2017 г. у сядзібе Партыі БНФ падчас падпісання ліста да Мінкультуры. Прамаўляе абаронца Курапатаў Зміцер Дашкевіч.

10 сакавіка 2017 г. у сядзібе Партыі БНФ падчас падпісання ліста да Мінкультуры. Прамаўляе абаронца Курапатаў Зміцер Дашкевіч.

Нагадаем, ліст да Мінкультуры 10 сакавіка ў цэнтральнай сядзібе Партыі БНФ у Мінску падпісалі вядомыя беларускія грамадска-палітычныя і культурніцкія дзеячы. Сярод іх старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, сустаршыня аргкамітэту Партыі БХД Павал Севярынец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў Ігар Марачкін, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, праваслаўны святар Леанід Акаловіч, мовазнаўца Вінцук Вячорка, культуролаг Вацлаў Арэшка, кандыдат гістарычных навук, археолаг Валянціна Вяргей і бард Аляксей Галіч. Пазней да лісту далучыліся іншыя падпісанты, у тым ліку доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў і каардынатар грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” Ганна Шапуцька.