Янукевіч — за абарону Курапат, Багінская — за пікет ля КДБ

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч аштрафаваны за ўдзел у акцыі па абароне Курапатаў на 50 базавых велічынь. Такое рашэнне 10 красавіка вынесла суддзя суда Заводскага раёна Мінска Алена Някрасава, паведамляе прэс-служба партыі.

hronika_kurapat_6_marta__1_of_1__2_logo_1_logo.jpg


У прэс-службе падкрэслілі, што Янукевіч падчас прызначанага на 7 красавіка судовага разбору знаходзіўся за мяжой і хадайнічаў аб яго пераносе на іншы дзень. Аднак разгляд справы адбыўся ў яго адсутнасць, абвяшчэнне рашэння прызначылі на сёння.
Старшыню Партыі БНФ асудзілі па ч. 3 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года). У матэрыялах справы зафіксаваныя тры адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да яго па эпізодах падчас абароны Курапатаў у канцы лютага — пачатку сакавіка, калі актывісты не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту" зладзілі каля будпляцоўкі бізнес-цэнтра каля ўрочышча кругласутачнае дзяжурства і дамагліся спынення будаўніцтва.
Таксама, як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, 10 красавіка судом Цэнтральнага раёна сталіцы на 50 базавых велічынь (1.150 рублёў) аштрафаваная актывістка апазіцыі, пенсіянерка Ніна Багінская. Яе судзілі за арганізацыю адзіночнага пікету каля будынку КДБ 24 сакавіка.
У гэты дзень Багінская каля сарака хвілін стаяла на тратуары каля галоўнага ўваходу ў будынак Камітэта дзяржбяспекі і трымала самаробны плакат з надпісам "Свабоду палітвязням", на якім былі пералічаныя прозвішчы затрыманых па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, а таксама зняволеных праваабаронцаў Міхаіла Жамчужнага і Андрэя Бандарэнкі (31 сакавіка выйшаў на волю пасля трох гадоў зняволення).

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН