Наста Дашкевіч: Прынесла копіі дзіцячых пасведчанняў — атрымала квітанцыю на штраф

Высветлілася, што Насту Дашкевіч яшчэ 30 сакавіка завочна засудзілі за знаходжанне ў намётавым лагеры абаронцаў Курапатаў.

Наста Дашкевіч у судзе. 10 красавіка 2107 года

Наста Дашкевіч у судзе. 10 красавіка 2107 года

Насту Дашкевіч, жонку Змітра Дашкевіча, які знаходзіцца ў СІЗА № 1 паводле абвінавачання ў «навучанні і падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў», як выявілася сёння, яшчэ 30 сакавіка завочна засудзілі за знаходжанне ў намётавым лагеры абаронцаў Курапатаў.

Яе звінавацілі ў парушэнні парадку пікетавання. Як адзначаецца ў пратаколе суду Першамайскага раёну Мінску, Наста Дашкевіч на працэс не з’явілася. Прысуд — штраф у памеры 15 базавых велічынь (345 рублёў).

Як атрымалася, што Наста Дашкевіч даведалася пра прысуд 10-дзённай даўнасці толькі сёння? Няўжо не атрымлівала персанальнага запрашэння?

«Не, адмыслова не запрашалі. Апошнім часам шмат прыходзіць рознага кшталту паведамленняў на пошту, сярод іх паведамленні, каб прыйсці і забраць лісты з таго ж РУУС. То бок — не позва, бо звычайна яна прыходзіць адразу, кладуць на стол. Тады ўсё зразумела. У дадзеным выпадку — заказная карэспандэнцыя. У мяне не было магчымасці пайсці, тым больш, РУУС — не самая сур’ёзная прычына. Сёння я проста прыйшла, каб перадаць копіі пасведчанняў аб нараджэнні дзяцей, што маю непаўналетніх, і паехаць далей па сваіх справах. І раптам высветлілася, што суд адбыўся 30 сакавіка».

Насту Дашкевіч, такім чынам, пакаралі завочна, і гэта яе абурае:

«Вы ж бачыце, што зараз назіраецца такая тэндэнцыя — абсалютна ненармальная, ненатуральная. Відавочна, што ёсць пэўная колькасць людзей, якіх трэба асудзіць па наяўных пратаколах. Вось канвеер і працуе. Ніякіх акалічнасцяў вывучаць ніхто не збіраецца. Ніхто не звяртае ўвагі, што абсалютна не падрыхтаваныя сведкі-міліцыянты, як сёння сама пабачыла на працэсе над Раманам Васільевым. Зусім нічога не разумеюць, нават ня ў курсе таго, што адбываецца ў Курапатах, кажуць нейкую бздуру. І суды, суддзі сябе такімі паводзінамі цалкам дыскрэдытуюць, таму што ператвараюцца ў абслуговы персанал для сілавых структураў».

У параўнанні з іншымі штрафамі, якія суды выпісваюць актывістам, Наста Дашкевіч абышлася не самым вялікім — 15 базавых велічыняў, 345 рублёў. Вользе Мікалайчык сёння прысудзілі 30 базавых, Ніне Багінскай і Раману Васільеву — па 50 базавых кожнаму. Гэта калі ня браць пад увагу, што Наста ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за маленькімі дзецьмі, а муж Зміцер — пад пераследам за нібыта падрыхтоўку «баевікоў»:

«З аднаго боку, гэта папаўненне дзяржаўнага бюджэту, з іншага — дэманстрацыя для замежнікаў рознаўзроўневых пакаранняў, калі ствараецца імітацыя „аб’ектыўных разбораў і выракаў“, сувымерных з цяжкасцю правапарушэння. Безумоўна, справа непрыемная, хоць, на вялікі жаль, для нас у нейкай ступені ўжо звыклая».

Наста кажа, што з аплатай штрафаў пакуль дапамагаюць неабыякавыя людзі, некаторыя праваабаронцы. Непрагназаваныя матэрыяльныя выдаткі яна спадзяецца зь іх дапамогай адужаць.

www.svaboda.org