Уладзімір Колас: Апазіцыйны цэнтр перамясціўся за мяжу

Cтаршыня Рады беларускай інтылігенцыі Уладзімір Колас распавёў, якая роля адводзіцца апазіцыі ў сённяшніх умовах.

21057287_1287391971390293_1146670484_o_833x400.jpg

Уладзімір Колас распавёў у каментары «Радыё Рацыя»:

— Калі казаць пра нашу класічную апазіцыю ў выглядзе партый, то мы ўжо даўно заяўлялі, што яны ідуць крыху не тым шляхам. І тое, што здарылася падчас так званага праймерыз, гэта ўсё паказала і з’явілася заканамерным і сумным фіналам.

З іншага боку, каб апазіцыю было чуваць, для гэтага патрэбны мікрафон ці рупар — сродкі масавай інфармацыі. А зараз у цэнтры ўвагі СМІ — нашы палітычныя неафіты. Менавіта на іх уся ўвага.

Пра старую апазіцыю ўжо мала хто ўспамінае, а самі палітыкі таксама не хочуць выштурхваць сябе ў фокус. Таму сітуацыя такая: апазіцыйны цэнтр зараз перамясціўся за мяжу, а найбольш актыўныя лідары апазіцыі — за кратамі. Таму цяпер у Беларусі своеасаблівы апазіцыйны вакуум.

— Але ж, відаць, на гэта і рэпрэсіі паўплывалі…

— Безумоўна. Калі зараз у Беларусі будзеш нешта прамаўляць ці некуды заклікаць, то вядома куды патрапіш. Таму людзі ўзважваюць рызыку і эфектыўнасць сваіх дзеянняў. Я думаю, што ў такой сітуацыі трэба проста назапашваць сілы для нейкіх сапраўдных дзеянняў, якія прывядуць да сапраўдных вынікаў. А ўсім адправіцца за краты — гэта не варыянт.

Хаця ў любым выпадку патрэбны і кансалідаванасць, і асэнсаваны план дзеянняў.

— Наколькі вялікі ўплыў мае сёння тая беларуская апазіцыя, якая знаходзіцца за мяжой?

— Відавочна, што ёсць вынікі працы на міжнароднай арэне. З той жа самай Святланай Ціханоўскай, якая з’явілася ніадкуль і не мела ніякай падрыхтоўкі, сёння на Захадзе лічацца. А вось у плане ўплыву на сітуацыю ў краіне можна казаць толькі пра ўскосны ўплыў — праз міжнародную супольнасць. Іншага ўплыву практычна няма. Гэта можна патлумачыць і тым, што ў краіне працуюць сродкі прапаганды, і агульнай сітуацыяй.

«Беларускае Радыё Рацыя»