Уладзімір Пастухоў: Разумны твар — як самаданос
Другі за стагоддзе крыжовы паход супраць інтэлекту — гэта ўсё ж такі зашмат. Людзі з разумнымі тварамі ад самага пачатку ўспрымаюцца ўладай як нядобранадзейныя, піша расійскі гісторык і юрыст Уладзімір Пастухоў у сваім тэлеграм-канале.
Я не фанат 90-х
гадоў. Але адно ў іх было сапраўды нядрэнна — твары на калектыўных партрэтах
(усялякія там сходы, мітынгі, шэсці ды іншыя зборышчы). Твары былі іншыя, чым
тыя, да якіх я прывык за 1970-я і 1980-я гады (1960-х не памятаю — быў занадта
малы).
На тварах з 1990-х нечакана з'явіўся выразны адбітак думкі, у той час як на старых адлюставаліся толькі стагоддзі рускага прыгону.
Гэты «фэйскантраст» быў невытлумачальным, але эмпірычна адчувальным, варта было толькі ўключыць тэлевізар. Тэлевізар дзякуючы гэтаму таксама стаў іншы.
Ужо пазней мы даведаліся, што інтэлектуальныя і адухоўленыя абліччы зусім не абавязкова карэспандуюцца з высокамаральным і нават проста з разумнымі паводзінамі іх уладальнікаў. Часам нават наадварот — сялянская кемлівасць папярэднікаў аказвалася больш каштоўным эвалюцыйным набыткам, чым інтэлект пакалення, які стаў рухаючай сілай трансфармацыі рускага грамадства ў 1990-я гады.
Гледзячы на абагульнены партрэт пуцінскай Расіі, я разумею — яны вярнуліся. Вярнуліся гэтыя да болю знаёмыя твары з 1970-х і 1980-х, па якіх разец думкі так і не паспеў прайсціся.
Яны нагадваюць бракаваную серыю тавару, які не прайшоў нармальнай перадпродажнай падрыхтоўкі і быў вывалены кучай у гандлёвай зале нейкага аўтлета для продажу са зніжкай. Неачэсаныя, закрытыя, адначасова самаздаволеныя і насцярожаныя, з незасяроджаным поглядам, скіраваным унутр, да працэсу стрававання. Гэта і ёсць новы-стары твар Расіі.
Асэнсаваны погляд становіцца небяспечным. Разумны твар — як самаданос. Яго ўладальнік ад самага пачатку устрымаецца як нядобранадзейны.
Грамадства мімікрыруе, імкнучыся выратавацца. Розум хаваецца. Людзі, якія валодаюць добра развітым інтэлектам, але таксама не пазбаўлены прыроджанага інстынкту самазахавання, на вачах робяцца дурнейшымі. Тыя, хто не змог своечасова падурнець, павольна вар’яцеюць.
Як следства – рэзкі ўзлёт абскурантызму як галоўнай інтэлектуальнай плыні эпохі. Невуцтва, як ракавая пухліна, распаўсюджваецца па ўсёй Расіі, забіваючы ўсё, што думае, на сваім шляху. Пакуль яго галоўнай ахвярай стала гуманітарная сфера. Філасофія, гісторыя, права стаяць, разявіўшы рот, з дурной усмешкай шчасця на фізіяноміях і пляскаюць наваўказаным непісьменным прарокам. Але гэта толькі пачатак. Новыя Лысенкі чакаюць нас на гарызонце – той лініі, дзе мінулае сустракаецца з будучыняй. Адурненне — гэта масавы і ўсёабдымны працэс. Выключэнняў не будзе.
Ці зможа думка, якая сышла з чалавечых абліччаў, вярнуцца назад? Кожны раз гэта адкрытае пытанне. У рускага грамадства здаровая генетыка (інакш яно не перажыло б тры смуты ў сваёй гісторыі), але і яе запасы трываласці не бязмежныя.
Другі за стагоддзе крыжовы паход супраць інтэлекту — гэта ўсё ж такі зашмат нават для Расіі. Застаецца толькі спадзявацца, што думка не знікла, а толькі схавалася, каб не сурочылі кепскія вочы. Але будзе няпроста.