Урад ухваліў папраўкі па антынаркатычным 328-м артыкуле
У папраўках прадугледжана паніжэнне ніжняй мяжы пакарання па дзвюх частках аднаго з самых рэзанансных артыкулаў КК.
Змены і дапаўненні ў антынаркатычны 328-ы артыкул Крымінальнага кодэкса Беларусі будуць разгледжаны ў Авальнай зале 13 чэрвеня, урад ухваліў прапановы дэпутатаў, паведаміў старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Валянцін Міхневіч.
«Урадам ухваленыя прапановы змяніць ніжнюю мяжу пакарання па 2-й і 3-й частках 328-га артыкула. Па другой частцы з пяці да трох гадоў, па трэцяй частцы — з васьмі да шасці гадоў», — паведаміў Міхневіч Sputnik у панядзелак.
Паводле яго слоў, верхняя мяжа пакарання па гэтых частках застанецца ранейшай.
Міхневіч адзначыў: дадзеныя змены накіраваныя на тое, каб прымяняць пакаранне да асоб, якія першы раз паўстаюць перад судом, а таксама да непаўналетніх. Прапанаваныя нормы не будуць прымяняцца да тых, хто здзяйсняе злачынствы паўторна.
Па словах старшыні камісіі, прымяненне дадзенай нормы дазволіць судам прымяняць пакаранне індывідуальна да абвінавачаных. Акрамя гэтага, адзначыў суразмоўца Sputnik, прапанаваныя папраўкі не пацягнуць за сабой змяненне крымінагеннага становішча і не знізяць выяўляльнасць злачынстваў, звязаных з наркотыкамі.
328-ы артыкул Крымінальнага кодэкса Беларусі з'яўляецца адным з тых, якія найбольш абмяркоўваюцца. Суды часта трактуюць як распаўсюд перадачу забароненага рэчыва ад аднаго нарказалежнага да іншага. Папраўкі ў закон былі гатовыя яшчэ ў канцы мінулага года, аднак у снежні іх не прынялі.