Вадзім Мажэйка: Рэпрэсіі ў Беларусі — беспрэцэдэнтныя для пасляваеннай Еўропы. Але пратэст трывае

Беларускі пратэст сутыкнуўся з рэпрэсіямі, беспрэцэдэнтнымі для пасляваеннай Еўропы. Арышты не спыняюцца — але гэта таксама сведчыць, што пратэст захоўваецца і ёсць каго арыштоўваць.  

mazejka.jpg

Ці варта ісці на перамовы з уладамі ў пытаннях палітвязняў? Ці варта чакаць вясны або лета для пратэставай актыўнасці? Што даюць мерапрыемствы з чырвона-зялёнымі сцягамі?

На гэтыя пытанні «Радыё Рацыя» адказаў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка.

— На вашу думку, якім чынам зараз выглядае пратэставы настрой, ці ён захоўваецца?

— Сам па сабе пратэставы настрой захоўваецца, але зараз ён, канешне, памножаны на вялікі страх, бо тое, з чым беларускі пратэст сутыкнуўся, — гэта беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі для пасляваеннай Еўропы, — кажа Вадзім Мажэйка. — І, канешне, у такіх умовах не дзіва, што нават такія ўзрушаныя і пратэстава ўзбуджаныя людзі, як беларускі народ у 2020 годзе, нават яны, канешне, запужаныя, і з-за гэтага мы бачым, што няшмат зараз адбываецца пратэстаў і яны не такія шматлюдныя. Але, разам з тым, мы бачым, што пратэсты застаюцца на пэўным узроўні, адбываюцца фактычна штодня.

Штодня мы бачым паведамленні ў Тэлеграме пра акцыі салідарнасці ў розных раёнах Мінска, у розных гарадах Беларусі. Часам у гэтых акцыях бяруць удзел некалькі чалавек, а часам — некалькі дзясяткаў чалавек. Раней гэта было для беларускай палітычнай сцэны чымсьці незвычайным. А цяпер гэта стала ў ранг звычайнага дзеяння.

І я б яшчэ зазначыў, што важнай часткай пратэсту стала яго лакальная арганізаванасць, калі людзі разумеюць, што пакуль пратэст — гэта рызыкоўна, таму да яго трэба сур’ёзна падысці. Людзі навучыліся ствараць закрытыя чаты, якія правераныя, і людзі ведаюць, што тут няма нейкіх падазроных асоб. Людзі навучыліся рабіць так званыя дазоры, пэўную каардынацыю, нават з рацыямі, якія дазваляюць хутка паведамляць пра з’яўленне сілавікоў.

І гэта ўсё сведчыць, што пратэст мае пэўную ўстойлівасць, хоць і на такім узроўні, які не пагражае захаванню ўлады Лукашэнкі, але істотнай праблемай для ўлады застаецца. І тое, што няспынна працягваюцца арышты, прычым не толькі лідараў, — гэта таксама сведчыць пра тое, што ёсць каго арыштоўваць, пратэст захоўваецца.