Выключэнні з правілаў... канстытуцыйных
Канстытуцыя Беларусі мае вяршэнства над усімі законамі і нарматыўна-прававымі актамі і валодае юрыдычнай сілай прамога дзеяння. Аднак нават старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч
прызнае, што на практыцы так адбываецца не заўсёды.
Парламент не прыслухаўся
У Канстытуцыйны суд Беларусі перыядычна прыходзяць скаргі ад грамадзян, якія хацелі б прайсці альтэрнатыўную воінскую службу (і, паводле Канстытуцыі, маюць на гэта права), аднак з-за таго, што
адпаведнага закона не існуе, прызыўнікі такой магчымасці пазбаўленыя.
Канстытуцыя Беларусі мае вяршэнства над усімі законамі і нарматыўна-прававымі актамі і валодае юрыдычнай сілай прамога дзеяння. Аднак нават старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч
прызнае, што на практыцы так адбываецца не заўсёды.
Парламент не прыслухаўся
У Канстытуцыйны суд Беларусі перыядычна прыходзяць скаргі ад грамадзян, якія хацелі б прайсці альтэрнатыўную воінскую службу (і, паводле Канстытуцыі, маюць на гэта права), аднак з-за таго, што
адпаведнага закона не існуе, прызыўнікі такой магчымасці пазбаўленыя.
Яшчэ ў 2000 годзе КС разглядаў гэта пытанне і прызнаў, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці не толькі з Канстытуцыяй (артыкул 57), але і з Законам «Аб усеагульным воінскім
абавязку і ваеннай службе» (артыкулы 1 і 14) маюць права, у прыватнасці, па рэлігійных перакананнях, на замену воінскай службы альтэрнатыўнай. Паводле артыкула 31 Канстытуцыі, кожны мае
права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, персанальна ці сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выяўляць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да
рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам. Гэтыя нормы нацыянальнага заканадаўства суадносяцца з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі
міжнароднага права, прыярытэт якіх прызнае Рэспубліка Беларусь.
Пасля разгляду запытаў КС прыйшоў да высновы, што грамадзяне краіны на падставе рэлігійных перакананняў не маюць магчымасці на практыцы выканаць свой абавязак па абароне Рэспублікі Беларусь, у тым
ліку праз адбыванне альтэрнатыўнай службы. Немагчымасць забяспечыць права на альтэрнатыўную службу тлумачыцца асобнымі службоўцамі тым, што няма адмысловага закона, гэта прыводзіць да канфліктаў
паміж грамадзянамі і дзяржавай. Адначасова не ўлічваецца той факт, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь валодае вяршэнствам і прамым дзеяннем.
Дзесяць гадоў таму КС вырашыў, што, у адпаведнасці з артыкулам 142 Канстытуцыі, законы, указы і іншыя акты, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі да прыняцця Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, што не
супярэчыць Асноўнаму закону. Таму прыцягненне да адказнасці за ўхіленне ад чарговага прызыву на ваенную службу дапускаецца толькі з умовай, калі выкананы патрабаванні вышэйзгаданых нормаў Канстытуцыі
па стварэнні дзяржавай умоў для адбывання як воінскай, так і альтэрнатыўнай службы. Аднак перыядычна ўзнікаюць канфлікты паміж ваенкаматамі і прызыўнікамі, і вырашаюцца яны не на карысць апошніх.
Адпаведны закон мусіць быць прыняты, што садзейнічала б узмацненню канстытуцыйных гарантый грамадзян. «На жаль, асобныя рашэнні Канстытуцыйнага суда працяглы час не выконваюцца»,
— зазначыў Міклашэвіч нібыта з няёмкасцю ў голасе.
«Канстытуцыйны» ператрус
Прынятыя ў снежні мінулага года папраўкі ў закон «Аб аператыўна-вышуковай працы», якія дазваляюць праваахоўным органам праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, праслухоўваць
тэлефоны, рабіць запіс перамоў і агляд памяшканняў без адпаведнай санкцыі пракурора, на думку старшыні Канстытуцыйнага суда, не супярэчаць Асноўнаму закону Беларусі. «Прамой супярэчнасці
канстытуцыйным нормам і палажэнням не мы бачым, — зазначыў Пётр Міклашэвіч. — Мы разглядалі палажэнні закона ў парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю. 23 артыкул Канстытуцыі
дае магчымасць у мэтах нацыянальнай бяспекі, абароны правапарадку і аховы здароўя рабіць пэўныя абмежаванні, адпаведна ў гэтым выпадку было прынята сувымернае абмежаванне ў мэтах узмацнення барацьбы
са злачыннасцю».
Аднак Канстытуцыйны суд усё ж прызнаў, што з часам трэба пераходзіць «на больш высокі ўзровень забеспячэння канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзян», і ўвесці норму пра тое, што
санкцыі на арышт і ператрус павінны даваць суды, як тое робіцца ў шэрагу еўрапейскіх краін, а таксама ў Расіі.
Да слова, кіраўнікі МУС, КДБ, Дэпартамента фінансавых расследаванняў і Камітэта дзяржкантролю могуць дазволіць правядзенне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і заводзіць крымінальныя справы ў
дачыненні да пракурораў і суддзяў, а таксама да цэлага шэрагу асобаў са структур улады (напрыклад, дэпутаты ўсіх узроўняў, члены Савета Рэспублікі).
Не гадзіна суда
У кантэксце нафта-газава-малочных канфліктаў з Расіяй прагучала прапанова стварыць арбітражны суд Саюзнай дзяржавы, які б вырашаў падобныя спрэчныя пытанні. Аднак Пётр Міклашэвіч лічыць, што
неабходнасці ў гэтым няма. Старшыня Канстытуцыйнага суда падкрэсліў, што для вырашэння розных гаспадарчых канфліктаў у Мінску існуе Эканамічны суд СНД. «Увогуле, патрэбна будаваць адносіны
так, каб не было сітуацый, калі патрэбны суд», — рэзюмаваў Пётр Міклашэвіч.
Што тычыцца суда Саюзнай дзяржавы, стварэнне якога прадугледжана ранейшымі беларуска-расійскімі дамоўленасцямі, дык гаварыць пра гэта рана. Такая інстытуцыя можа быць створана толькі пасля падпісання
адпаведнага канстытуцыйнага акта, якім і будзе кіравацца ў сваёй дзейнасці. Да фінішнай прамой гэты працэс за многа гадоў так і не дайшоў, і многія эксперты схіляюцца да думкі, што ніколі і не
дойдзе.