Абноўлена: Візавыя цэнтры Эстоніі прыпынілі прыём дакументаў. Офіс Ціханоўскай: праблема вырашаная
З 1 верасня візавыя цэнтры Эстоніі ў Беларусі часова не прымаюць дакументы на атрыманне візаў, паведаміла кампанія VFS Global, афіцыйны партнер амбасады Эстоніі ў Беларусі.
Калі адновіцца прыём, не паведамляецца, але напісана, што падавацца на візу Эстоніі, Фінляндыі і Швецыі можна будзе ў цэнтрах у Полацку і Бабруйску. Дату адкрыцця пакуль не называюць, затое вядома, што сервісны збор за кожны зварот па візу будзе складаць 16 еўра 40 еўрацэнтаў.
Пасля з'яўлення гэтай навіны прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Эстоніі звязаўся з МЗС Эстоніі. Там яму заявілі, што праблема была звязаная з затрымкай кантракту паміж МЗС Эстоніі і кампаніяй VHS Global. Прыём дакументаў будзе адноўлены неўзабаве.
Эстонія — адна з краін, якая найбольш радыкальна выступае за «візавы бан» грамадзянам Расіі за падтрымку вайны ва Украіне.
Сама Эстонія прыпыніла выдачу турыстычных візаў грамадзянам Расіі яшчэ ў сакавіку. Пры гэтым тыя, у каго ў Эстоніі ёсць сваякі, а таксама тыя, хто просіць візу па «гуманітарных меркаваннях» або ў медыцынскіх мэтах, усё яшчэ могуць падаць заяўку.
У канцы ліпеня Талін зрабіў больш жорсткімі правілы, забараніўшы расіянам падаваць дакументы на атрыманне часовага дазволу на жыхарства або візы ў мэтах навучання ў Эстоніі.
Эстонія таксама выступала за тое, каб забараніць выдаваць расіянам шэнгенскія візы на ўзроўні ЕС. Аднак кіраўнікі МЗС краін ЕС не ўзгаднілі забарону на выдачу віз расіянам, — яны абмежаваліся рашэннем прыпыніць дзеянне пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме з Расіяй.
Разам з тым краіны ЕС, якія мяжуюць з Расіяй, заявілі пра гатоўнасць прыняць «нацыянальныя захады», каб скараціць колькасць расійскіх грамадзян, што ўязджаюць у іх краіны і Шэнгенскую зону.
«Да таго часу, пакуль такія захады не будуць уведзены на ўзроўні ЕС, мы разгледзім магчымасць усталявання часовых мер на нацыянальным узроўні для вырашэння непазбежных праблем грамадскай бяспекі, звязаных з павелічэннем патоку расійскіх грамадзян праз нашы межы», — гаворыцца ў заяве Польшчы, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі і Літвы.
«Гэта наша нацыянальная кампетэнцыя згодна з прынцыпам нацыянальнай бяспекі — вырашаць пытанні ўезду на нашу тэрыторыю», — сказаў міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу.