Вярхоўны суд пакінуў без змен прысуды Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну
Вярхоўны суд не прыняў да ўвагі апеляцыйныя скаргі Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна.
23 сакавіка Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйныя скаргі і пакінуў без змен «завочныя прысуды» заснавальнікам Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну.
Нагадаем, Герасіменю і Апейкіна прызналі вінаватымі ў закліках да санкцый, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. Згодна з «завочным правасуддзем» ім прызначылі па 12 гадоў калоніі.
Герасіменя і Апейкін сталі першымі беларусамі, якіх судзілі завочна за заклікі да санкцый. У Аляксандры Герасімені таксама канфіскавалі аўто, больш за 48 тысяч долараў на рахунку і кватэру, якую спартоўка набыла на алімпійскія прызавыя грошы.
Суд прызнаў іх вінаватымі ў тым, што яны стварылі «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці», які прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім», і «распаўсюджвалі ілжывыя звесткі аб падзеях у Беларусі пасля выбараў-2020» са жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года. Таксама ім у віну ставілася тое, што яны патрабавалі санкцый супраць НАК Беларусі і іншых спартыўных арганізацый, настойвалі на пераносе міжнародных спаборніцтваў, у прыватнасці, чэмпіянату свету па хакеі, заклікалі адмовіцца ад іх спансіравання.
Паводле абвінавачання, праз дзеянні Апейкіна і Герасімені некаторыя міжнародныя турніры ў Беларусі былі адменены. Акрамя таго, абвінавачаныя заклікалі не дапускаць спартсменаў беларускай зборнай да спаборніцтваў, у тым ліку на Алімпійскія гульні, а таксама не выступаць пад чырвона-зялёным сцягам.
Суд першай інстанцыі вырашыў, што Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін сваімі дзеяннямі здолелі прычыніць беларускай дзяржаве вялікую шкоду. Суд вырашыў, што яны мусяць сплаціць больш за 850 тысяч рублёў (больш за 300 тысяч долараў).
Аляксандра Герасіменя пракаментавала прысуд у сацсетках: «Завочна вы мяне можаце нават расстраляць!».