Вынеслі прысуд Піліпу Шаўрову
Пра гэта паведамляе суполка dissident.by.

«Сёння агучылі прысуд Піліпу Шаўрову — штраф 50 базавых велічынь. Пракурор так і прасіла пакараць Шаўрова. Філіп прызнаў віну часткова і ў апошнім слове папрасіў прабачэння ў тых, каго маглі абразіць яго дзеянні» — напісала Марына Касінерава ў фэйсбуку.
Нагадаем, згодна з абвінавачваннем, 16–17 студзеня 2020 года Піліп Шаўроў нанёс фарбай невялікую адносна помніка выяву бел-чырвона-белага сцяга на гранітную частку памятнага знака загінуўшым супрацоўнікам МУС, а таксама расфарбаваў у чырвоны колер рукі помніку А.С. Пушкіну ў Мінску.
17–19 студзеня 2020 г. ён нанёс надпіс “1937” на плоце насоснай станцыі ў п. Бараўляны. 18 сакавіка 2020 г. аддзелам Цэнтральнага раёна (г. Мінска) Следчага камітэта Піліпу Шаўрову было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 і ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.