За 30 гадоў у Беларусі знікла дзве траціны балот
Яшчэ 30 гадоў таму балоты пакрывалі 14,2% тэрыторыі Беларусі, а цяпер — толькі 4,2%. Змяншаецца і колькасць лугоў.
Скарачэнне балот стала вынікам меліярацыі. Такую інфармацыю агучыў Дзмітрый Грумо, дырэктар Інстытута эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук на прэс-канферэнцыі, піша thinktanks.by.
Адначасова ў Беларусі ажыццяўляюцца праекты па аднаўленні тэрыторыі балот. З 2006 года рэалізаваны 40 такіх праектаў і адноўлена тэрыторыя плошчай у 70 тыся гектар. Вопытам аднаўлення парушаных балотных экасістэм беларускія навукоўцы дзеляцца з міжнароднай грамадскасцю.
Усяго ў Беларусі 56% тэрыторыі занятыя натуральнымі прыроднымі экасістэмамі.
Самай праблемнай катэгорыяй Дзмітрый Грумо назваў лугі, асабліва пойменныя. Са змяненнем гідралагічнага пласта асяроддзя лугі паступова зарастаюць і змяняюцца лясной зонай. Якімі тэмпамі зніжаецца плошча лугоў, на прэс-канферэнцыі не ўдакладнілі.
Затое ў краіне расце тэрыторыя, пакрытая лясамі — за апошнія 30 гадоў яна павялічылася на 14%. Цяпер каля 41% плошчы Беларусі займаюць лясы. Па запасе ствалавой драўніны на кожнага грамадзяніна краіны беларусы ў 2,3 разы перавышаюць сусветны ўзровень.
Кіраўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі прапанаваў пры ахове відавой разнастайнасці арыентавацца на экасістэмны падыход — захаванне ў першую чаргу месцаў пражывання відаў.
А між тым, як пісаў НЧ, балота — гэта і своеасаблівы летапіс мінулага. Торф захоўвае вялікі аб'ём інфармацыі. Калі браць яго пробы, па ім можна аднавіць усю гісторыю балота, даведацца, калі што тут расло. Акрамя таго, у торфе добра захоўваецца пылок раслін, па якім таксама можна «чытаць» гісторыю мясцовасці. Сёння можна датаваць нават вуголле, якое захавалася на балоце. Дзякуючы такім інфармацыйным падарожжам у часе можна высветліць, якім быў клімат, і рабіць прагнозы на будучыню.
Да таго ж балоты падносяць падарункі археолагам і адкрываюць новыя старонкі з гісторыі Беларусі.