«Забудоўчыя» фокусы: працягваецца барацьба мінчан супраць ушчыльнення

Пасля прэзентацыі горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання квартала ў межах вул. Я.Коласа — вул. Калініна — вул. К.Чорнага — вул. Сурганава, якая адбылася 10 красавіка ў адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска, мінула два тыдні. За гэты час жыхары невялікага квартала сабралі амаль 1000 подпісаў супраць яго ўшчыльнення 7 паркінгамі і высоткай.

1000_podpisau_1.jpeg


Жыхары раёна незадаволеныя працай дзяржорганаў: тыя, хто прыйшоў на прэзентацыю праекту, не змаглі атрымаць адказы практычна ні на адно пытанне. Жыхарам раёна адведзена ўсяго 25 дзён на тое, каб накіраваць свае заўвагі і прапановы да праекта дэталёвага планавання квартала пісьмова, у той час як у УП «Мінскграда» было 5 гадоў на складанне ПДП (праект рыхтаваўся з 2014 года).
За 15 дзён члены ініцыятыўнай групы зрабілі не адзін дзясятак запытаў, спрабуючы рэалізаваць права на атрыманне інфармацыі. Поўную інфармацыю па ПДП не ўдалося атрымаць да гэтага часу, а ў тлумачальнай запісцы, якая знаходзіцца ў Адміністрацыі раёна, апынуліся старонкі з ПДП тэрыторыі ў раёне мемарыяльнага комплексу «Трасцянец».

1000_podpisau_5.jpeg


«За гэтыя 2 тыдні нам прыйшлося адразу стаць і юрыстамі, і эколагамі, і праектавальнікамі, каб падрыхтаваць свае заўвагі і прапановы да новага ПДП», — каментуюць актывісты.
Дарэчы, першыя ахвочыя выслаць заўвагі да праекту на пазначаны на сайце Адміністрацыі Першамайскага раёна электронны адрас, сутыкнуліся з дзіўнай праблемай: ён не працаваў. Шляхам спроб і памылак мінчукі вылічылі, што некаторыя літары ў мэйл perv.arhit@minsk.gov.by былі замененыя кірылічнымі. Пасля звароту грамадзян у пракуратуру памылку аператыўна выправілі.
Але гэта былі не ўсе сюрпрызы, падрыхтаваныя жыхарам Адміністрацыяй. З ініцыятыўнай групы, высунутай жыхарамі кварталаў, дзя мяркуецца забудова, падчас прэзентацыі праекта 10 красавіка, у Камісію па грамадскім абмеркаванні была ўключаная толькі Таццяна Кнацько, а замест двух іншых актывістаў — Валерыя Языкова і Юрыя Губарэвіча — у спісах значыліся нехта Віктар Кудзін і Аляксандр Шпілеўскі — суседзі адразу ж пазналі імёны цесляроў мясцовага ЖЭСа, прапісаных у тым жа раёне.
Паркінг і дом, пазначаныя ў новым ПДП як праектаваныя, у рэальнасці ўжо пабудаваныя, пры гэтым паркінг з падземнага (у прадстаўленым раней жыхарам квартала праекце) ператварыўся ў наземны. На пытанне, чаму так адбылося, архітэктар праекта Святлана Сахарава паведаміла, што змены ў ПДП унеслі па пісьмовым даручэнні экс-намесніка кіраўніка Мінска Віктара Лапцева.

1000_podpisau_4.jpg


Праектаваная тэрыторыя, згодна ПДП, «характарызуецца высокай горадабудаўнічай каштоўнасцю і камерцыйнай прывабнасцю».
Будаўніцтва паркінгаў пагоршыць і без таго складаную экалагічную абстаноўку ў квартале і забярэ зялёныя насаджэнні, якіх і так не хапае. З'яўленне новых дамоў ўзмоцніць нагрузку на сацыяльную інфраструктуру — паліклініка № 13 ужо абслугоўвае насельніцтва больш, чым меркавала яе праектная магутнасць (па папярэдніх дадзеных, 50 тысяч чалавек пры праектнай магутнасці ў 36 тысяч).

1000_podpisau_2.jpg


Жыхары раёна не збіраюцца здавацца і маюць намер трымаць кругавую абарону квартала ад ўшчыльнення. Нахабства гарадскіх уладаў давяло да народнай творчасці: жыхары ўжо малююць карыкатуры. Якімі б ні былі планы гарадскіх чыноўнікаў, ім давядзецца лічыцца з патрабаваннямі насельніцтва. Мінчукі не жадаюць аплачваць падаткамі бессэнсоўную забудову свайго раёна.
Нагадаем, што ў квартале, абмежаваным вуліцамі Я. Коласа — Калініна — К. Чорнага — Сурганава, на месцы дваровых тэрыторый з'явяцца 5 новых паркінгаў, большая частка з якіх адкрытыя, шматпавярховік з падземным паркінгам прама каля школы і вольнага часу цэнтр з адкрытым паркінгам на 360 машынамесцаў ў двары двух жылых дамоў. Абяцаюць жыхарам і дзіцячы садок, які пабудуюць на месцы рамонтна-будаўнічага ўпраўлення, у той час як будынак праз дарогу, у якім раней знаходзіўся дзіцячы садок, ідзе пад знос.


Жыхары раёну ўчора надрукавалі разавы бюлетэнь, а таксама пачалі маляваць карыкатуры. А сёння, 26 красавіка, тут ладзіцца экскурсія для жыхароў раёну. Збор у 18:00 каля помніка ваенапалонным на рагу Коласа і Калініна. Збіраецца шмат суседзяў, гэта можа быць цікава. 
Грамадскае абмеркаванне праходзіць з 8 красавіка па 2 мая 2019 года. Пісьмовыя заўвагі і прапановы з пазнакай «Грамадскае абмеркаванне» можна накіроўваць па адрасе зав. К. Чорнага, 5, каб. 205, або на электронны адрас perv.arhit@minsk.gov.by