Заява «Белага Легіёна»: «Мы не маем ніякага дачынення да цяперашняй дзейнасці Сяргея Бульбы»

У адкрытым звароце «Белы Легіён» заявіў: цяперашняя дзейнасць Сяргея Бульбы ніякім чынам не звязана з уласна «Белым Легіёнам», не адлюстроўвае ані іх поглядаў, ані прынцыпаў структуры. 

bely_lehijon_2.jpg

 

Галоўны штаб «Белага Легіёна» звярнуўся да грамадскасці: усе гады існавання «Белы Легіён» не быў удзельнікам аніякіх працэсаў расколу.

«Шаноўныя сябры!

Наша арганізацыя — «Белы Легіён» — у свой час стваралася дзеля патрыятычнага выхавання і вайсковай падрыхтоўкі беларускай моладзі, у тым ліку і для таго, каб папоўніць афіцэрскі склад беларускага войска адданымі беларушчыне прафесіяналамі. 

Патрыятычнае выхаванне было ключавой задачай «Белага Легіёна», а наш лідар Міраслаў Лазоўскі быў перакананы, што ў крытычныя для краіны часы менавіта патрыёты станавіліся найкаштоўнейшым рэсурсам дзяржавы. 

Мы актыўна супрацоўнічалі са многімі арганізацыямі нацыянальна арыентаванай дэмакратычнай апазіцыі, у тым ліку вырашалі пытанні бяспекі падчас шматлікіх мерапрыемстваў і акцый у Беларусі ў 1990-я — першую палову 2000 гадоў. 

Апошнія гады дзейнасць нашай арганізацыі перастала насіць публічны характар, асабліва пасля палітычна матываванай, сфабрыкаванай рэжымам «Справы патрыётаў» у 2017 годзе, калі з-за адной толькі прыналежнасці да «Белага Легіёна» людзей кідалі за краты і прыдумлялі абвінавачванні.

Аднак чальцы «Белага Легіёна» працягвалі і працягваюць годна рабіць усё магчымае, каб наблізіць увасабленне нашай агульнай мары — вольнай, незалежнай, прававой беларускай дзяржавы Беларусь: не складаюць рукі ў самой краіне, а таксама, ахвяруючы сабой, бароняць свабоду і незалежнасць Украіны. 

Маральным аўтарытэрам, лідарам і фактычным кіраўніком «Белага Легіёна» апошнія гады быў Міраслаў Лазоўскі, які гераічна загінуў у Бахмуце (Украіна), змагаючыся з расійскай імперскай агрэсіяй у складзе батальёна «Волат» Палка Каліноўскага.

Усе гады існавання «Белы Легіён» не быў удзельнікам аніякіх працэсаў расколу, якіх, на жаль, было нямала ў нацыянальна арыентаванай апазіцыі. Мы лічылі і лічым партнёрам кожнага, хто падзяляе нашы погляды і прынцыпы. 

«Белы Легіён» ніколі не з’яўляўся і не будзе інструментам палітычных разборак ці трамплінам у палітычных гульнях.

На жаль, напрацаваны гадамі станоўчы імідж  «Белага Легіёна» апошнім часам незаслужана церпіць ад дзейнасці яго асобных чальцоў, таму Галоўны штаб «Белага Легіёна» лічыць важным  патлумачыць шырокай грамадскасці наступнае.

  • Мы цэнім і паважаем усё, што было зроблена за папярэднія часы Сяргеем Бульбай як ініцыятарам і заснавальнікам «Белага Легіёна». Шмат гадоў ён годна сваёй дзейнасцю і асабістым прыкладам дэманстраваў найлепшыя якасці шчырага патрыёта, які сваё жыццё аддаваў вайскова-патрыятычнаму выхаванню і змаганню за незалежнасць Беларусі.
  • Апошнім часам Сяргей Бульба заняўся актыўнай публічнай дзейнасцю, утварыў і ачоліў некалькі арганізацый. Больш таго, ён, не прыслухоўваючыся да меркавання пабрацімаў, стаў актыўным удзельнікам працэсаў вакол «Беларускага моладзевага хаба» ў Варшаве, што прывяло да знішчэння гэтага папулярнага беларускага асяродку і страт для іміджу беларускай супольнасці ў Польшчы агулам.
  • Мы не маем ніякага дачынення да цяперашняй дзейнасці Сяргея Бульбы як вайсковага эксперта і грамадскага актывіста, да створаных ці ачоленых ім арганізацый. Гэтая дзейнасць ніякім чынам не звязана з уласна «Белым Легіёнам», не адлюстроўвае ані нашых поглядаў, ані прынцыпаў нашай структуры. 
  • Мы жадаем Сяргею Бульбе знайсці сябе на ніве новай для яго публічнай дзейнасці і спадзяемся, што яго актыўнасць будзе мець стваральны, а не разбуральны характар.

Галоўны штаб «Белага Легіёна»