«Любое парушэнне мае сваю цану, заплаціўшы якую, можна рабіць усё, што хочаш»
У рэдакцыю «НЧ» прыйшоў ліст ад жыхароў вёскі Копішча Мінскага раёна. Яны дамагліся прызнання 25-павярховіка, што будуецца на ўчастку, прызначаным для іншага дома, незаконным. Аднак днямі стала вядома, што будаўніцтва спрабуюць узаконіць, а забудоўшчык звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай дазволіць будаўніцтва, і гатовы частку прыбытку пералічыць у бюджэт.

Распачатая будоўля 25-павярховіка ў Копішчы. Фота: realt.onliner.by
Пракуратура Мінскай вобласці прызнала самабудам узвядзенне дома №35 па вул.Лапаціна ў Клопішчы, бо дом будуецца на ўчастку, прызначаным для іншага дома. Дазвол на будаўніцтва адмяніў і аблвыканкам. Аднак на запыт мясцовых жыхароў, чаму самабуд не спяшаюцца зносіць, той жа аблвыканкам даў адказ аб пошуку варыянтаў узаконьвання будаўніцтва. Дзеля гэтага забудоўшчык «СІ-Трэйдынг» звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай дазволіць будаўніцтва, і нават гатовы частку прыбытку пералічыць у бюджэт.

На месцы будоўлі павінна была быць паркоўка. Фота: realt.onliner.by
«Такім чынам, атрымліваецца, закон не працуе, любое парушэнне (прынамсі ў будаўніцтве) мае сваю цану, заплаціўшы якую, можна рабіць усё, што хочаш», — абураюцца мясцовыя жыхары.
Яны напісалі калектыўны зварот у Адміністрацыю прэзідэнта, Камітэт дзяржкантролю, пракуратуру, аблвыканкам, дзе выклалі парушэнні, дапушчаныя пры ўзвядзенні дома, і патлумачылі сваю пазіцыю адносна таго, чаму гэты дом не павінен будавацца. Пад зваротам сабралі 402 подпісы, апроч таго была створана інтэрнэт-петыцыя,якая на момант публікацыі матэрыялу сабрала больш за 250 подпісаў.
Падпісанты зазначаюць, што, прыняўшы рашэнне дазволіць незаконнае будаўніцтва, кіраўнік дзяржавы парушыць свае ж даручэнні, пры тым, што выбарчая кампанія ўжо на носе.
«Замест таго, каб парк дзесьці закласці або ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё. Месцаў няма, дзе жыллё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт спарадзіць з насельніцтвам. Вы самі перасяліцеся ў гэты дом і жывіце там, а побач пабудуйце гмах у 12 паверхаў, каб ваш дом апынуўся ў двары гэтага гмаху. Абавязкова трэба канфлікт нейкі зладзіць», — прыводзяць яны цытатуАляксандра Лукашэнкі.